Беларуская паштовая марка «Слуцкія паясы» на міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA» у Аўстрыі ўвайшла ў дзесятку лепшых марак свету, паведамілі ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.
Беларуская паштовая марка «Слуцкія паясы» заняла шостае месца, у конкурсе ўдзельнічалі больш за 70 краін.
Мастацкая паштовая марка выраблена ў выглядзе роўнабаковага трыкутніка. Прадукцыя надрукаваная лістамі, якія складаюцца з пяці марак. Іх незвычайнае размяшчэнне ў выглядзе «тэт-беша», калі кожная марка знаходзіцца ў перавернутым становішчы адносна іншай, дазволілі стварыць арыгінальны «паштовы пояс». Дызайн распрацавала Алена Мядзведзь.
Месцы размеркаваліся наступным чынам:
1 месца і тытул «Самая прыгожая марка свету 2014 года» - Іспанія, блок «Агіла Імперыял»;
2 месца - Венгрыя, блок «Вяртанне спадчыны Сеўса»;
3 месца - Люксембург, блок «80-я гадавіна FSPL», шоўк;
4 месца - Славакія, блок «Мастацтва: Алаіз Стробл (1856-1926)»;
5 месца - Ісландыя, марка «Каляды - Ісландскі альбом»;
6 месца - Беларусь, марачны ліст «Слуцкія паясы»;
7 месца - Ліхтэнштэйн, блок «Крылаты алтар»;
8 месца - Партугалія, блок «Андрэас Фезаліус (1514-2014)»;
9 месца - Фіджы, блок «Першая міжнародная падводная тэлеграфная лінія, якая злучае Вануату і Фіджы»;
10 месца - Японія, марачны ліст «50-годдзе ўводу ў абарачэнне Шынкансен».