Панталоны брытанскай каралевы Вікторыі з абхопам таліі ў 114 см былі прададзеныя за 12090 фунтаў стэрлінгаў на аўкцыёне ў Вялікабрытаніі. Ніжняя бялізна пайшла з малатка разам з начной кашуляй, панчохамі і капелюшамі, якія насілі Яе Вялікасць і прынцэса Аліса. Пра гэта паведамляе The Daily Mail.

Усе гэтыя прадметы знаходзіліся ў музеі «Учорашняга свету» ва ўсходнім Сасэксе. На кожным элеменце гардэроба красуюцца ініцыялы VR, што азначае «Victoria Regina» (каралева Вікторыя). Аўкцыянер Рычард Эдмандс сказаў, што адзенне і сподняе ў цудоўным стане, таму што яны захоўваліся ў спецыяльнай паперы і ў памяшканні з кантраляванай тэмпературай. Да экспанатаў была праяўленая вялікая цікавасць.

Гэта ўжо трэці прадмет ніжняй бялізны каралевы Вікторыі, які купляюць за рэкордную цану.

У аўкцыённых дамах Чыпенхема ва Уілтшыры датавалі бялізну канцом 1890-х гадоў. Нейкі прыватны калекцыянер з Англіі набыў панталоны разам з іншымі прадметамі адзення і наборам копій каштоўных камянёў, якімі была інкруставаная карона Вікторыі.