У палітычнай эліце Захаду адбыўся якасны пералом, Еўропа і ЗША выразна далі зразумець Крамлю, што іх мэта — аднаўленне суверэнітэту Украіны, вяртанне Крыма і ўсіх акупаваных тэрыторый пад украінскую юрысдыкцыю. Расійскі аналітык перакананы, што Крэмль сігнал Захаду ўлавіў і вельмі спалохаўся.

— Днямі Нідэрланды папрасілі заходніх саюзнікаў дапамагчы ў правядзенні міжнароднага трыбуналу над вінаватымі ў крушэнні пасажырскага «Боінга 777» над Данецкай вобласцю 17 ліпеня 2014. Цяпер да просьбы Нідэрландаў далучылася і Малайзія. Прадстаўнік МЗС Расіі ўжо назваў ідэю аб трыбунале «несвоечасовай і контрпрадуктыўнай».

— Галоўны фактар для склікання трыбунала — палітычная пазіцыя кіраўніцтва найбуйнейшых заходніх краін: падтрымаюць яны ідэю правядзення міжнароднага суда ці не. Калі падтрымаюць, трыбунал пройдзе незалежна ад меркавання Расійскай Федэрацыі. Дэталі залежаць ад таго, у якой ступені Захад будзе прытрымлівацца той лініі паводзінаў, якую абраў за апошнія два месяцы.

— Хіба пазіцыя Захаду ў дачыненні да ўкраіна-расійскай вайны радыкальна змянілася? Мне здаецца, ЕС і ЗША на працягу апошніх паўтара гадоў па-ранейшаму «глыбока заклапочаныя» і заклікаюць усе бакі канфлікту да перамоваў.

— Пазіцыя Захаду сапраўды змянілася. У апошнія два месяцы Захад даў зразумець Крамлю: «Вы хацелі канфрантацыі з намі? Атрымайце!»

— У інтэрв'ю «Радыё Свободa» вы некалькі разоў паўтарылі, што «Захад прачнуўся і кансалідаваўся», прычым адпраўным пунктам новай пазіцыі саюзнікаў у дачыненні да Крамля назвалі саміт лідараў G20, які прайшоў у лістападзе 2014 года ў аўстралійскім Брысбене, дзе канцлер ФРГ Ангела Меркель і прэзідэнт Уладзімір Пуцін некалькі гадзін размаўлялі сам-насам.

— Пералом у стаўленні Захаду да Расіі пачаўся менавіта ў Брысбене. Характэрнай дэманстрацыяй новага падыходу стала заява Ангелы Меркель на наступны дзень пасля Брысбена (выступаючы ў Інстытуце міжнароднай палітыкі Лоўі ў Сіднэі, Меркель падкрэсліла, што Захад чакае доўгая барацьба з Расіяй за Украіну, а санкцыі супраць РФ будуць прымяняцца «так доўга, як гэта будзе неабходна»). Затым быў ядзерны шантаж Крамля, чаўночная дыпламатыя Ангелы Меркель і Франсуа Аланда, Мінск-2, парушэнні Мінскіх пагадненняў, баі ў Дэбальцаве, адмова ад вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Данбаса, працяг насычэння ўсходняй Украіны расійскімі войскамі і узбраеннямі.

Важную ролю адыгралі публікацыі трох дакладаў аб наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны. Першы — даклад Барыса Нямцова «Пуцін Вайна.», Другі — даклад Атлантычнай рады «Hiding in Plain Sight: Putin's War in Ukraine» 27 мая 2015 года, трэці — даклад Службы бяспекі Украіны «Russian Aggression Against Ukraine» у чэрвені 2015-га.

— Пад заявай канцлера ФРГ Ангелы Меркель 10 мая ў Крамлі вы маеце на ўвазе яе словы пра «злачынную анексію Крыма» і падрыў стасункаў паміж Захадам і Расіяй з-за ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны?

— Выступ Меркель завяршыў працэс якаснага пералому стаўлення Захаду да цяперашняга расейскага кіраўніцтва. Прапаганда Крамля прадставіла прыезд канцлера ФРГ як свой вялікі поспех: маўляў, усё-ткі Меркель прыехала на святкаванне Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і тым самым прадэманстравала, што Пуцін дамогся свайго.

Аднак 10 мая Меркель у сваёй афіцыйнай прамове ўпершыню згадала Крым. Да таго — з лютага 2014 да 10 мая 2015, то бок амаль год і тры месяцы — ніводзін заходні лідар не згадваў Крым у такім кантэксце. Гэта значыць, негалосна прызнавалася: калі Пуцін спыніць ваенныя дзеянні на усходзе Украіны, Захад — няхай не дэ юрэ, але дэ факта — пагодзіцца, што паўвостраў застанецца пад кантролем РФ і ў агляднай будучыні змяніць гэтае становішча не атрымаецца. Звярніце ўвагу: Крым не згадваўся ні вусна, ні пісьмова ні ў адным дакуменце, падпісаным па выніках перамоваў у Жэневе ў красавіку 2014-га, у Нармандыі ў чэрвені 2014-га, у Мінску ў верасні 2014-га і ў лютым 2015-га.

10 мая 2015 года Крым вярнуўся ў парадак дня, прычым Меркель выразна дала гэта зразумець не дзе-небудзь, а менавіта ў Маскве, у Крамлі, у прысутнасці Уладзіміра Пуціна. Дарэчы, крамлёўскія перакладчыкі палічылі за лепшае не заўважыць фразы «злачынная анексія» і не пераклалі яго на рускую мову. Але ўсе прысутныя, уключаючы журналістаў сусветных агенцтваў, гэта заўважылі і зафіксавалі. У любым выпадку Меркель, якой Барак Абама па ўзгадненні з іншымі заходнімі кіраўнікамі перадаў лідарства па выпрацоўцы палітыкі ў адносінах да Крамля, сфармулявала калектыўную пазіцыю: аднаўленне стасункаў Захаду і Расіі магчыма толькі і выключна пры аднаўленні міжнародна прызнанай мяжы Украіны.

— Акрамя заяў Меркель, што яшчэ пацвярджае абуджэнне і кансалідацыю Захаду ў адносінах да пуцінскага рэжыму?

— Змена пазіцыі Захаду ў сферы ваеннай палітыкі. НАТА пачынае размяшчаць на тэрыторыі прыфрантавых адносна да РФ дзяржаў новыя ваенныя падраздзяленні, ЗША вяртаюць танкавыя брыгады, якія былі выведзеныя з Еўропы ў першай палове 2013 года, пачаліся размовы аб аднаўленні амерыканскай сістэмы СРА (супрацьракетнай абароны), ідзе інтэнсіўная праца па размяшчэнні штабоў НАТА у кожнай з шасці прыфрантавых дзяржаў. На верасень 2015 года запланаваныя найбуйнейшыя вайсковыя вучэнні НАТА на Балтыцы.

На міжнародных канферэнцыях і семінарах, якія праходзілі ў апошнія два месяцы, пачалі абмяркоўвацца пытанні вядзення ваенных дзеянняў супраць Расіі. Да гэтага падобныя рэчы гаварыліся толькі за шчыльна зачыненымі дзвярыма. Захад сапраўды радыкальна змяніў свой падыход да расійскай агрэсіі і супраць Украіны, і супраць самога Захаду.

Тым не менш, змяненне пазіцыі Захаду, безумоўна, не азначае, што вайна пачнецца літаральна заўтра. Але якасны пералом у грамадскай думцы і, самае галоўнае, у думцы палітычных элітаў Захаду адбыўся. Захад доўга спаў, доўга пераконваў сябе, што пуцінская агрэсія супраць Украіны — памылка, выпадковасць, «пуцінскі эмацыйны ўсплёск», які з часам знікне. Спачатку Захад заняў прыкладна тую ж пазіцыю, што і ў расійска-грузінскай вайне 2008 года, калі праз тры месяцы пасля агрэсіі Крамля супраць Грузіі працягнуў адносіны з РФ у стылі business as usual (англ. «звычайны бізнес, бізнес нягледзячы ні на што»). Існавала сур'ёзная небяспека, што падобнае можа паўтарыцца і ў выпадку агрэсіі супраць Украіны. Аднак цяпер можна цалкам дакладна сказаць: Захад прачнуўся і прыняў рашэнне, што гатовы адказаць на канфрантацыю з боку Расіі. У рамках гэтай новай канфрантацыі ён сфармуляваў свае мэтавыя ўстаноўкі.

— Якія менавіта мэтавыя ўстаноўкі?

— Аднаўленне статус-кво па стане на люты 2014 года, да таго, як быў захоплены будынак Вярхоўнай Рады ў Крыме, пачалася расійская ваенная аперацыя ва Украіне і адбылася акупацыя і анексія Крыма.

— У чым канкрэтна, на вашую думку, заключаецца план Захаду па аднаўленні міжнародна прызнаных межаў Украіны?

— У сваім пытанні вы выкарысталі слова «план», а я казаў менавіта пра мэтавыя ўстаноўкі. Захад у асобе Меркель гэтую мэту ў адносінах да Украіны сфармуляваў: аднаўленне статус-кво, аднаўленне суверэнітэту Украіны, вяртанне Крыма і ўсіх акупаваных тэрыторый пад украінскую юрысдыкцыю.

Пакуль у нас няма дэталяў, як менавіта будзе рэалізоўвацца гэтая мэтавая ўстаноўка, але мы дакладна ведаем, што Захад прыняў рашэнне па яе дасягненні. Гэтага не было на працягу 15 месяцаў з пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Захад сапраўды доўга запрагае, доўга прачынаецца, доўга прымае рашэнні. Але калі прыняў рашэнне, перагледзець або развярнуць Захад у адваротным кірунку практычна немагчыма.

— Канада пашырыла спіс санкцый, дадаўшы ў яго траіх грамадзян РФ і 14 расійскіх кампаній, уключаючы Еўразійскі саюз моладзі, мотаклуб «Начныя ваўкі» і чатыры нафтагазавыя кампаніі, у тым ліку «Газпром». Ці азначае гэта, што ЗША таксама пашыраць свае санкцыі ў дачыненні да крамлёўскага рэжыму?

— Неабавязкова. Канада, сапраўды, з'яўляецца лідарам у прыняцці санкцый супраць расейскага рэжыму, але правіла «спачатку — Канада, потым — ЗША» не заўсёды дакладнае. Хоць не выключаю, што не толькі ЗША, але і еўрапейскія краіны неўзабаве пашыраць свае санкцыйныя спісы. Дзеянні Канады — яшчэ адно сведчанне пералому падыходу Захаду да Расіі. Асабліва пікантнае з'яўленне канадскіх санкцый праз пару тыдняў пасля заявы пуцінскага міністра на Пецярбургскім эканамічным форуме аб тым, што Расія і Захад нібыта дасягнулі нейкага «балансу» ў дачыненні да санкцый — «старыя не здымаць, новыя не ўводзіць».

— Як кіраўніцтва Расіі адрэагавала на новую палітыку Захаду?

— Падобна на тое, што Крэмль сур'ёзна спалохаўся. У апошні час прагучала некалькі заяваў ад Уладзіміра Пуціна і Сяргея Іванова. Пуцін паведаміў, што ў Расіі няма планаў нападу на краіны НАТА, у тым ліку на краіны Балтыі.

— Дакладней, прэзідэнт РФ заявіў: «Толькі хворыя людзі могуць выказаць здагадку, што Расія нападзе на НАТА».

— Іваноў у інтэрв'ю Financial Times паўтарыў тое ж самае, але, у сілу асабістых асаблівасцяў, дагаварыўся да таго, да чаго не дагаворваўся ніводзін расейскі апазіцыянер, ніводзін аналітык з Пентагона або ЦРУ. Іваноў параўнаў расейскую армію з моськай. Ён сказаў літаральна наступнае: «Вы не можаце параўноўваць бюджэт НАТА і расійскі абаронны бюджэт. Мы гаворым пра слана і моську, пра бегемота і хатнюю котку. Такая супастаўнасць нашых ваенных бюджэтаў. У нас вельмі розная ваенная моц. Але самае галоўнае: чаму мы павінны гэта рабіць? Што, вы сур'езна думаеце, што мы хочам развязаць вайну з НАТА? Няўжо мы самагубцы? Навошта нам трэба гэта?»

Здаецца, ніводнаму апазіцыянеру ў галаву не прыходзіла называць расійскія ўзброеныя сілы «моськай». Затое гэта зрабіў Сяргей Барысавіч Іваноў, былы супрацоўнік КДБ СССР, генерал-палкоўнік, экс-міністр абароны РФ, а цяпер кіраўнік адміністрацыі і, мяркуючы па шэрагу сімптомаў, магчымы спадчыннік Пуціна на пасадзе прэзідэнта РФ. Варта звярнуць увагу на тое, што сваё інтэрв'ю Іваноў даваў на рускай мове, але яго поўная расшыфроўка была размешчаная толькі на англійскай. Гэта значыць Крэмль паслаў Захаду ясны мэсыдж: мы не збіраемся з вамі ваяваць, мы спалохаліся і не жадаем гэтага рабіць, калі ласка, спыняйце свае ваенныя падрыхтоўкі.

— Давайце падагульнім: Захад, на вашую думку, канчаткова і беспаваротна вызначыўся ў дачыненні да пуцінскага рэжыму, Крэмль сігнал улавіў і спрабуе пераканаць ЕС і ЗША ў тым, што краінам НАТА нічога не пагражае. Як Украіне з максімальнай выгадай для сябе скарыстацца гэтай сітуацыяй?

— Я б вылучыў два пункты. Першае: рашэнне ўкраінскага ўрада прымусіць крэдытораў спісаць частку знешняга доўгу ў памеры $15 млрд — відавочная памылка. Яна моцна падрывае давер да цяперашніх уладаў Украіны з боку іх галоўнага саюзніка — Захаду. Чым хутчэй украінскія ўлады адмовяцца ад няправільнай мэты і памылковага метаду працы з інвестарамі, тым лепш.

Другое тычыцца так званых Мінскіх пагадненняў. Я неаднаразова казаў і яшчэ раз паўтару: лічу, што падпісваць такога роду дамовы было памылкай.

— Чаму?

— У Мінску-2 утрымліваецца дэ-факта згода афіцыйнага Кіева з аднаўленнем суверэнітэту Украіны над украінска-расійскай мяжой і акупаванымі тэрыторыямі. Але ў залежнасці ад выбараў на тэрыторыі самаабвешчаных «рэспублік», правядзенне якіх Кіеў не кантралюе, і ад змяненняў у Канстытуцыі Украіны, якія надаюць асаблівы статус так званым «ДНР» і «ЛНР». Але гэта не проста асаблівы статус, а па сутнасці магчымасць для гэтых «рэспублік» кантраляваць знешнюю і ўнутраную палітыку Украіны. Такія палажэнні Мінска-2 абсалютна недапушчальныя.

— Але на падпісанні Мінскіх пагадненняў у першую чаргу настойваў Захад.

— Незалежна ад таго, хто на чым настойваў, ісці на павадку ў Захаду (і ў Пуціна) у гэтым пытанні стала сур'ёзнай памылкай украінскіх уладаў. Чым раней Украіна прызнае гэтую памылку і пяройдзе да наступнага этапу ў адносінах да акупаваных тэрыторый, тым лепш. Афіцыйны Кіеў павінен запатрабаваць у сваіх заходніх калег больш не згадваць выкананне Мінскіх пагадненняў-2 у якасці галоўнай умовы аднаўлення стасункаў паміж Еўропай і ЗША з аднаго боку, і Крамлём — з другога.

Звярніце ўвагу, пра што апошнія тыдні увесь час кажа Пуцін. Ён па-свойму інтэрпрэтуе Мінскія пагаднення-2, але такая інтэрпрэтацыя закладзеная ў дакуменце. Пуцін настойліва фармулюе пяць пунктаў сваіх патрабаванняў. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што па меншай меры з некаторымі з заходніх лідараў ён гэтую формулу абмяркоўваў. Магчыма, згоды не атрымаў, але, мяркуючы па ўсім, не атрымаў і прамога адпору падобнай інтэрпрэтацыі.

«Пуцін: Калі б нешта нас не задавальняла ў Мінскіх пагадненнях, мы ніколі не паставілі б пад імі свой подпіс. Мы лічым гэтыя пагадненні справядлівымі і збалансаванымі і аказваем магчымы ўплыў на адзін з бакоў гэтага канфлікту — на Данецкую і Луганскую непрызнаныя рэспублікі. І вы не можаце не заўважыць, што ў іх пазіцыях шмат што змянілася. Яны гатовыя і хочуць весці перамовы па ўсіх пунктах Мінскіх пагадненняў. Ключавымі элементамі з'яўляюцца дамоўленасці аб палітычным урэгуляванні, іх некалькі.

  • Першае — змена ў Канстытуцыі Украіны з наданнем аўтаномных правоў гэтым тэрыторыям альбо, як кажуць афіцыйныя прадстаўнікі ў Кіеве, з вырашэннем пытання аб так званай дэцэнтралізацыі ўлады.
  • Другое пытанне — гэта прыняцце закона Украіны аб амністыі ў дачыненні да шэрагу асоб з Данецкай і Луганскай рэспублік.
  • Трэцяе пытанне — гэта імплементацыя закона аб асаблівым статусе Данбаса — Луганска і Данецка.
  • Чацвёртае пытанне — гэта прыняцце закона Украіны аб мясцовым самакіраванні і правядзенні гэтых выбараў.
  • Пятае — гэта зняцце эканамічнай блакады з гэтых тэрыторый.

Звяртаю вашу ўвагу, што ніводнае з гэтых пытанняў не ўваходзіць у выключную кампетэнцыю Данбаса. Гэта кампетэнцыя перш за ўсё кіеўскіх уладаў.

Дазвольце мне, кажучы хакейнай мовай, вярнуць Вам вашу шайбу і спытаць, чаму нашы калегі ў Еўрасаюзе, у Злучаных Штатах не аказваюць належнага ўплыву на кіеўскія ўлады для вырашэння ўсіх вышэйзгаданых мною пытанняў. Усе гэтыя пазіцыі выкладзеныя ў Мінскіх пагадненнях, і па кожным пункце запісана: па ўзгадненні з Данецкам і Луганскам. Трэба садзіцца за стол перамоваў наўпрост з прадстаўнікамі гэтых тэрыторый і дамаўляцца. Іншага шляху няма».

У першым пуцінскім пункце гаворка ідзе пра «змену ў Канстытуцыі Украіны з наданнем аўтаномных правоў гэтым тэрыторыям». Пуцін прапануе сваю інтэрпрэтацыю Мінска-2, аднак у пытаннях дэцэнтралізацыі ўлады змены ў Канстытуцыю не патрабуюцца, а вось для надання статусу аўтаноміі — патрабуецца. Такім чынам, Расія спрабуе працягнуць і легалізаваць «ДНР» і «ЛНР» ў палітычным і канстытуцыйным полі Украіны.

Згода Кіева з другім пунктам — пра «амністыі» — наогул неймаверная. Каго амніставаць, забойцаў і тэрарыстаў?

— Я не вельмі зразумела, што вы прапануеце ўзамен?

— Сёння ўкраінскія ўлады могуць прыняць прынцыповае рашэнне адносна адмовы ад Мінска-2. У адваротным выпадку як ва ўкраінцаў, так і ў міжнароднай супольнасці будзе захоўвацца вельмі шкодная ілюзія, быццам бы гэты дакумент можа вырашыць праблемы вайны і акупацыі.

У нейкай ступені ўкраінскія ўлады ўжо пайшлі па правільным шляху, прыняўшы прынцыповае рашэнне аб юрыдычным прызнанні Крыма і асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей акупаванымі. Гэта прызнанне рэальнасці, таго, што Украіна не кантралюе гэтыя тэрыторыі, што пачне ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі гэтых рэгіёнаў толькі пры поўным аднаўленні свайго суверэнітэту і ўсталяванні кантролю над украінска-расійскай мяжой.

Да таго часу, пакуль гэта не адбудзецца, Украіне варта адмовіцца ад абавязацельстваў у адносінах да акупаваных тэрыторый, за выключэннем толькі аднаго напрамку работы: аказання разнастайнай дапамогі і падтрымкі грамадзянам, якія пражываюць на непадкантрольных тэрыторыях і жадаюць пакінуць зону канфлікту. Ніякіх іншых дзеянняў у дачыненні да акупаваных тэрыторый украінскія ўлады, з майго пункту гледжання, здзяйсняць не павінны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?