Паводле дадзеных МУС Украіны, падчас канфлікту ў Мукачаве першымі зброю на паразу ўжылі менавіта байцы «Правага сектара».

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў дырэктар дэпартамента камунікацыі МУС Андрэй Шаўчэнка.

«Яны застрэлілі цывільную асобу, чыё цела потым грузілі ў свой аўтамабіль. Толькі пасля гэтага зводны атрад міліцыі прыбыў па выкліку на месца здарэння», — сказаў Шаўчэнка.

Паводле яго слоў, у складзе атрада былі праваахоўнікі, якія мелі досвед баявых дзеянняў падчас правядзення АТА на Данбасе. У прыватнасці, міліцыянты ўдзельнічалі ў абароне Дэбальцава і выхадзе з горада зімой 2015 года, зазначае Gazeta.ua.

«Міліцыянты ў поўнай адпаведнасці з законам былі вымушаныя ўступіць ва ўзброенае супрацьстаянне з нападнікамі, якія пагражалі бяспецы грамадзян», — дадаў Шаўчэнка.

Як паведамляе сайт Mukachevo.net, адступаючы пасля перастрэлкі ў Мукачаве, байцы ПС пакінулі джыпы і цела загінулага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0