З верасня ў Беларусі плануецца ўкараніць сістэму выбарнасці рэктараў ВНУ. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў 13 ліпеня на семінары для кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, паведамляе прэс-служба Мінадукацыі.
svaboda.org
Для ўдзелу ў выбарах кандыдаты ў рэктары павінны будуць прадставіць свае праграмы дзеянняў на разгляд Савета ўніверсітэта, які затым зацвердзіць лепшыя з іх і падаць у Міністэрства адукацыі. Праграмы кандыдатаў павінны садзейнічаць развіццю ўніверсітэта ва ўсіх сферах, у тым ліку адукацыйнай, матэрыяльна-тэхнічнай, навуковай.
Нагадаем, у маі гэтага года Беларусь далучылася да Балонскага працэсу і ўступіла ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, аднак пры ўмове выканання патрабаванняў дарожнай карты. Выбарнасць рэктараў з'яўляецца адным з прынцыпаў Балонскага працэсу і ўмовай дарожнай карты.
Як зазначылі ў прэс-службе, для выканання ўсіх патрабаванняў дарожнай карты Беларусь таксама плануе «ўдасканаліць нацыянальную сістэму кваліфікацый, сумясціць яе з еўрапейскай», а таксама «правесці структурныя рэформы па павышэнні ўзроўню акадэмічнай мабільнасці і г.д.».