Жанр: драма
Рэжысёр: Томас Вінтэрберг
У ролях: Кэры Маліган, Маціас Шорнатс, Майкл Шын, Цілі Восберг, Марк Уінгет, Дарыян Лок, Сэм Філіпс, Том Сцёрыдж, Джуна Тэмпл
Вялікабрытанія, ЗША, 119 хв.
Адзнака: 7,5.

Вясковая Англія XIX ст. Чароўная прыгажуня Батшыба Эвердзін атрымлівае ў спадчыну маёнтак і ферму. Гаспадарка ў заняпадзе, але дзяўчына насуперак усяму ўпарта бярэцца за гаспадарчыя справы сама, наймаючы сабе ў памочнікі збяднелага фермера Габрыэля Оўка. Гэты чалавек любіць яе і адданы ёй усёй душой. Але ганарлівая дзяўчына лічыць яго залішне простым. Заможны сусед Уільям Болдвуд прапануе ёй руку і сэрца, але Батшыба адмаўляе і яму. І вось з'яўляецца імпазантны сяржант Фрэнк Трой, які спакушае дзяўчыну. Вяселле з ім — толькі першае расчараванне для маладой гаспадыні.

Майстар драмы, дацкі рэжысёр Томас Вінтэрберг («Паляванне» (2012), «Урачыстасць» (1998, прыз журы ў Канах)) для новага фільма абраў аднайменны твор класіка англійскай прозы Томаса Хардзі. Пісьменнік родам з Дорсэта стаў вядомым яшчэ пры жыцці, але ў апошнія гады страціў папулярнасць праз скандальныя раманы, якія шакавалі жыхароў віктарыянскай Англіі.

У цэнтры сюжэта — маладая жанчына, якая замест замужжа і рабскага становішча абірае жыццё самастойнай гаспадыні ў англійскай глыбінцы.

Яна ўласнаручна кіруе маёнткам і фермай, гандлюе зернем нароўні з мужчынамі і адмаўляе жаніхам — аднаму за адным. «Хто не робіць глупстваў у 19-20 гадоў? — апраўдвае сваю гераіню Кэры Маліган, выканаўца галонай ролі. — Вось і яна не выключэнне. Але ўжо тады яна вельмі сучасная. Батшыба — складаная натура. Яна часта канфузіцца і мітусіцца, яна поўная ганарыстасці, але на працягу фільма расце над сабой, вучыцца сябе разумець і становіцца добрым чалавекам».

Фільм быў зняты за 53 дні. Прыкладна дзве траціны фільма здымалася на адкрытым паветры.

Здымкі для Маліган прайшлі нялёгка: некалькі разоў акцёрка падала з каня. Яна атрымала страсенне мозгу, ад якога мучылася яшчэ каля шасці тыдняў і нават не можа ўспомніць некаторыя моманты здымак. Даводзілася прыстасоўвацца і да пераменлівага англійскага надвор'я: здымкі адбываліся падчас моцнага ветру і дажджу. Высілкі былі не марныя: стужка атрымалася надзвычай прыгожай, з дзівоснымі краявідамі і гульнёй святла і ценяў.

Эпічны твор Хардзі з цяжкасцю лёг у двухгадзінную стужку, таму героям трохі не хапае глыбіні, псіхалагізму, бо жарсці гуляюць моцныя. Эпізоды разнесеныя ў часе, але гэта можна зразумець толькі з сюжэтных падзей — спецыяльных пазнак не даецца. Ад гэтага стужка мае няроўны тэмп. Аднак аматарам англійскай класікі і касцюміраваных фільмаў адназначна рэкамендуецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?