На перамовах у Вене дасягнута дамоўленасць пра абмежаванне іранскай ядзернай праграмы ў абмен на адмену санкцый супраць Тэгерана, паведамляюць СМІ са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.

Як паведаміла крыніца, якую цытуе агенцтва Асашыэйтэд прэс, усе фінальныя рознагалоссі былі вырашаны.

Два іншыя дыпламаты таксама паведамілі, што здзелка была дасягнутая. «Уся гэта цяжкая праца апраўдала сябе і мы дасягнулі дамоўленасці», — кажа адзін з іх.

Дамоўленасці паміж «шасцёркай» і Іранам па іранскай ядзернай праграме прадугледжваюць адмену санкцый у дачыненні да Тэгерана, гаворыцца ў тэксце пагаднення, дасягнутага на перамовах у Вене.

«Пагадненне прадугледжвае адмену ўсіх санкцый Рады бяспекі ААН, а таксама шматбаковых і нацыянальных санкцый, звязаных з іранскай ядзернай праграмай, уключаючы меры па доступе ў сферы гандлю, тэхналогій, фінансаў і энергетыкі», — гаворыцца ў дакуменце.

У абмен на адмену санкцый Іран абавязваецца на працягу 15 гадоў не праводзіць навуковыя распрацоўкі па перапрацоўцы ядзернага паліва. Акрамя таго, згодна з дакументам, запасы нізкаўзбагачанага урану ў Іране на працягу 15 гадоў не павінны перавышаць 300 кг.

«Іран запэўнівае, што ні пры якіх умовах не будзе імкнуцца да валодання, распрацоўваць або атрымліваць доступ да любога віду ядзернай зброі», — гаворыцца ў тэксце пагаднення.

У выпадку парушэння Іранам гэтых абавязацельстваў санкцыі могуць быць адноўленыя праз галасаванне ў Радзе Бяспекі ААН.

Раней шэсць краін — удзельніц перамоваў (ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Кітай і Расія) і Іран падрыхтавалі 100-старонкавы дакумент, у якім дэталёва распрацаваны ўмовы скарачэння іранскай ядзернай праграмы і зняцця міжнародных санкцый.

Тым часам на фоне навін з Вены цэны на нафту раніцай знізіліся на 2%.

У тым выпадку, калі перамовы сапраўды прайшлі ўдала, з Ірана могуць зняць санкцыі, а гэта пацягне за сабой павелічэнне прапановы на нафтавым рынку, а значыць — далейшае падзенне цэнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?