Серыя «Бібліятэка Бацькаўшчыны» (засн. у 2004-м Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына»), папоўнілася юбілейным, 25-м, выданнем, якое выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор». Гэта кніга беларускага архівіста Лявона Юрэвіча «Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія», у якой пад адной вокладкай сабраныя скарыназнаўчыя дакументы беларускай эміграцыі.

Не сакрэт, што нашага першадрукара часам называюць яшчэ і «першым беларускім эмігрантам», які, аднак, і за межамі сваёй Радзімы працягваў думаць пра яе і дзеля яе працаваць. Не дзіўна, што асоба Скарыны цікавіла многіх беларускіх знаўцаў, якія воляю лёсу апынуліся ў іншых краінах, але не жадалі выракацца свайго краю і забывацца на яго.

Як адзначае ў прадмове рэдактар кнігі — гісторык Наталля Гардзіенка — постаць Скрыны нароўні з Еўфрасінняй Полацкай сталася найбольш знакавай для беларускіх эмігранцкіх суполак, а яго асоба была блізкай і духоўным, і свецкім людзям, дзеячам у самых розных сферах — бо дзейнасць самога Скарыны была вельмі разнастайная.

Варта адзначыць, што менавіта на эміграцыі скарыназнаўства атрымала вялікія магчымасці для развіцця: тут, у адрозненне ад Савецкай Беларусі, даследчыкі не былі звязаныя ідэйнымі абмежаваннямі і мелі доступ да дакументаў, датычных дзейнасці нашага слыннага земляка.

Імя Скарыны зрабілася вядомым і па-за межамі беларускіх колаў, а яго маштабная дзейнасць стала адным са сведчанняў еўрапейскасці беларускай культуры.

Наталля Гардзіенка пракаментавала працу над кнігай так: «Рэдактарская праца з кнігай Лявона Юрэвіча «Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія» была цікавай і складанай найперш праз тэматычную разнастайнасць тэкстаў. Скарынава традыцыя на эміграцыі — гэта не толькі тэксты ўласна пра першадрукара, што пісаліся і беларусамі ў міжваеннай Празе, і студэнтамі ў паваеннай Нямеччыне, і навукоўцамі ў заходніх універсітэтах. Гэта таксама маркі, календары, кнігавыдавецтва, уласна эміграцыйныя рэаліі — Скарыну часам называюць першым вядомым беларускім эмігрантам.

Для мяне надзвычай важнымі выглядаюць у кнізе лісты аднаго з найбольшых эміграцыйных скарыназнаўцаў Вітаўта Тумаша, постаці недастаткова ацэненай сёння ў Беларусі. Гэтая карэспандэнцыя выдатна адлюстроўвае і асаблівасці эміграцыйнага кнігавыдання, і дачыненняў, ці нават пэўнага спаборніцтва навукоўцаў у Беларусі і на Захадзе ў скарыназнаўчых даследаваннях.

Лявон Юрэвіч прадстаўляе ў кнізе постаці розных спадкаемцаў Скарыны ў яго працы — кніжнікаў, пісьменнікаў, даследчыкаў: Міколы Панькова, Яна Пятроўскага, Васіля Шчэцькі, Вацлава Пануцэвіча, Кастуся Якуба-Птаха, Норберта Рандава. Дый сам аўтар-архівіст выступае гэткім жа прадаўжальнікам Скарынавай справы.

Адметна, што кніга выйшла ў год, калі святкуецца своеасаблівы Скарынавы юбілей — 525 гадоў ад прынятай даты нараджэння першадрукара, тое, што самому аўтару сёлета спаўняецца 50 гадоў, і тое, што прысвячаецца гэтая кніга памяці яшчэ аднаго нашчадка Скарынавай справы — айца Аляксандра Надсана, які сёлета памёр.

«Я не гісторык, не філолаг. Я — архівіст, і, бадай, усе мае кнігі, за сціплым выняткам, — кнігі менавіта архіўныя. У тым ліку і гэтая новая — пра Скарынаву справу на эміграцыі. У нашых умовах, калі эміграцыяй займаюцца адзінкі, не можаш дазволіць сабе раскошу — даследаваць нешта адно. Тым болей, калі большасць публікацыяў цябе не задавальняе: у аўтараў элементарна не стае матэрыялу — архіваў, фактаў, тых самых лістоў, напрыклад, ведання канкрэтных людзей, учынкаў і іх матывацыі, што спараджае або фантазіі, або банальшчыну. Таму і скокаеш ад тэмы да тэмы, ад СБМ да літаратуры, ад будзённасці да біяграфістыкі ў намаганні даць іншым як мага болей тае глебы, на якой можна збудаваць новыя працы.

Скарына ў гэтым шэрагу — рэч натуральная. Беларусу наагул складана абмінуць такую постаць, а кніжнаму чалавеку — проста немагчыма.

Збіралася пра яго, без аніякай канкрэтнай ідэі, ад 1995 года, ад часу працы над паказнікам літаратуры «Францыск Скарына: жыццё і дзейнасць», што быў як бы працягам Тумашавай «Скарыніяны» (1989).

І вось урэшце ўсё набыло такія абрысы: кнігі пра тое, кім Скарына быў для беларусаў на эміграцыі, чым ён быў, і пра ўсіх тых, знаных і малавядомых кніжнікаў, якія кожны ў меру сваёй здольнасці, таленавітасці, працягвалі ягоныя традыцыі — як маглі. Гэтым зробленым і апраўдваемся», — кажа Лявон Юрэвіч.

***

Кнігу «Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія» ўжо можна набыць у кнігарнях Мінска: «Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37А), «Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2), «Веды» (вул. К.Маркса, 36), «Цэнтральны кніжны» (пр-т Незалежнасці, 19), «Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?