Нават адкрыццё рэстарана хуткага харчавання ў беларусаў робіцца штуршком для абмеркавання складнікаў нацыянальнага характару. На падставе дрэнна задакументаваных паводзін асобных ёлупняў робяцца высновы, што абражаюць усіх беларусаў як супольнасць. Я даў тролям выказацца і сціхнуць. Хацеў бы падагуліць дыскусію некалькімі высновамі.

Беларусы асароміліся на адкрыцці Burger King», — паведамляе папулярны сайт By24 і дадае пра чэргі ў тры-чатыры гадзіны. «Прадам месца ў чарзе», — рэпосціцца жарт з сацыяльных сетак. «Сорамна за беларусаў», — піша на Absolvo.ru Дзмітрый Валотка: «Нацыя, якая лічыць сябе часткай Еўропы, стаіць у агромністых чэргах у нейкую страўню. Бадай, гэта адваротны бок сучаснай еўрапейскай Беларусі. Нацыя хоча быць у Еўропе, але паводзіць сябе як еўрапейцы не жадае». Валотка агучыў тэзіс, які сустракаецца паўсюдна: «Я не магу сказаць, што аб’ездзіў Еўропу ўздоўж і упоперак, але мой вопыт падказвае: у сучасных еўрапейскіх краінах самасційных чэргаў у адкрытыя ўстановы фастфуду няма. Яны могуць быць створаныя наўмысна, дзеля прыгожай карцінкі на мясцовым ТБ (??), але гэта не ўспрымаецца грамадствам як добрая і матывавальная рэклама. Сорамна за тых, хто зрабіў з адкрыцця харчэўні, звычайнай кропкі агулпіту, свята і падзею. У чарзе можна было заўважыць цэлыя сем’і, з дзецьмі. Не хапае толькі святочнай музыкі і сцягаў на слупах».

З гэтага і іншых грэблівых каментароў, якіх сотні (паглядзіце, напрыклад, тут , тут і тут вынікала, што беларусы «галодныя», што яны прагнуць бургераў і ўсё ніяк не наядуцца.

На першым коле гэты прымітыўны накід абверг Павел Свярдлоў на Kyky.org. Вось тут можна пачытаць тэкст, у якім ён тлумачыць, чаму яму не сорамна за паводзіны беларусаў. Але Павел не даходзіць у сваіх развагах да аднаго прынцыповага пункту, у якім нерв сітуацыі. На ягоную думку, памылка ўсіх, хто папракнуў беларусаў «згаладаласцю» і «бідонамі» (пра бідоны пазней) — у тым, што яны распаўсюджваюць грэблівая паводзіны двух дзівакоў на ўсю нацыю. «Іх крыху шкада, сапраўды, так. Але гэта іх праблемы, не нашыя. І тым больш не праблемы цэлай краіны», — піша Павел. Але я б істотна перагледзеў гэты тэзіс. Тое, што мы бачылі ў сеціве пасля адкрыцця, — не праблема зусім. Смешна чытаць, што беларусаў прывяла ў Burger King нейкая «галадуха».

Справа ў тым, што галодныя людзі ў Burger King не ходзяць. Burger King — для фану, а не для ежы.

Фоткі вялізных чэргаў на адкрыцці Burger King у Францыі карыстальнік Zorg змясціў яшчэ ў каментарах да паста Валоткі. Тое ж самае адбывалася ў Фінляндыі і іншых краінах. Дык што ў гэтых паводзінах нееўрапейскага? Беларусы стаяць у чэргах у новую страўню, дзе рыхтуюцца патраціць грошы. Зусім як тыповыя немцы ці французы. Як шоперы, а не як дзікуны!

Яны чуюць пра адкрыццё новага амерыканскага рэстарана і прыходзяць пакаштаваць бургеры. Гэткі ж ажыятаж цяпер назіраецца ў яшчэ адным сеткавым месцы, адкрыццё якога прайшло без вялікіх медыйных скандалаў, — амерыканскай піцэрыі Papa Johns.

Беларусы  паступова спрычыняюцца да глабалізацыі.

Каб яны былі «калхазанамі» — не вяліся б на маркетынгавыя майсы, ад якіх на дыбкі становяцца жыхары Еўропы і ЗША. Тое, што на адкрыццё Burger King сабралася чарга, паказвае не «галоднасць», а гатоўнасць (ды, выглядае, прагу) глабалізавацца. Шмат часу гэтая прага быць не горш за Вільню ці Варшаву стрымлівалася тым, што тут проста не было сеткавых месцаў акрамя McDonalds, якому — я нават думаць баюся, за якія заслугі, — некалі вельмі пашчасціла. Зараз гэтая сітуацыя будзе імкліва выпраўляцца з’яўленнем канкурэнцыі. Хутка адкрыецца KFC, з’явяцца іншыя сеткі.

Нашая цяпер ужо непазбежная глабалізацыя — гэта і дрэнна, і добра. Добра — таму, што нарэшце мы зробімся такімі, як усе, і нас ужо не будзе вабіць канцэпцыя бясплатнай колы. Дрэнна — таму, што мы страцім значна болей, чым атрымаем, у першую чаргу нашыя ўнікальныя ўяўленні пра грошы і іх месца ў жыцці, нашую, так бы мовіць, манетарную каштоўнасную чысціню.

І асобна пра «бідоншчыкаў». Справа ў тым, што я не бачу ніякай віны за гэтымі людзьмі. Ні фінансавай, ні сімвалічнай.

Яны (насамрэч яна, бо апублікаваныя фотаздымкі даказваюць толькі адзін выпадак, з жанчынай, хлопец мог стаяць з каністрай квасу, як пра гэта ўжо паведамлялася ў сеціве) прыйшлі на адкрыццё харчэўні, што сусветна вядомая толькі і выключна рэфілам. Бо наяўнасцю цыбулі ў воперы нікога не прыцягнеш, хутчэй адштурхнеш.

Дык відавочна, што магчымасць браць і несці, піць і піць, казытала ўяўленне болей, чым бургеры. Яна, гэтая магчымасць, бліскуча выканала сваю маркетынгавую ролю. Burger King дзякуючы «бідоншчыкам» трапіў у медыі і ў нашыя з вамі галовы. Ці каштавала гэта тых двух даляраў (у найгоршым выпадку!), на якія кампанія пацярпела? Відавочна, так! Болей за тое, гэта не беларусы засталіся вінныя Burger King. Гэта Burger King застаўся вінны ўсім гэтым людзям, якія вынеслі яго ў тэмы рускага Твітара і тым самым дазволілі гучна заявіць пра сябе праз самую эфектыўную рэкламу — тую, што напаткоўвае чалавека ў мабільным тэлефоне, у стужцы сяброўскіх пастоў. Дык ці вартыя «бідоншчыкі» грэблівага смеху?

Рэфіл не забаронены, ён разрэкламаваны. Паведамленне пра «санітарныя нормы», якія быццам не дазваляюць людзям напаўняць іх тару, у момант адкрыцця рэстарацыі вывешанае не было. Дык якія могуць быць пытанні?

Цяпер Burger King стрыжэ шчодрыя купоны, ён на Тут.by, тлумачыць, што яны рэфіл не забароняць. Мы ўміляемся — ну якія ж коцікі! А тое, што сама гэтая навіна, дзень яе ратацыі і рэпостаў (а разышлася яна шырока) каштуе болей, чым усе наступствы рэфілу, — па за дужкамі.

Я добра ведаю, што будзе далей. Пасля таго як «бідоншчык» стаў трэндам рускага Твітара, жартам тыдня УКантакціку, нашыя людзі ў Burger King будуць хутчэй наўмысна недаліваць сабе па сантыметры той колы. Толькі б не выглядаць «нішчабродамі».

Такое ў нас пачуццё «нармальнасці» і «людскасці». Такая ў нас нацыянальная схільнасць да самаедства.

Дык адзінае пра што можна казаць у кантэксце кейсу Burger King, — гэта пра тое, што пачуццё нацыянальнай непаўнавартасці  нашая сур’ёзная хвароба. Мы ўсур’ёз упэўненыя, што амерыканскія падлеткі не п’юць колу па два, тры разы з аднаго куфля (не пілі б — не было гэта маркетынгавай вабай).

Сябры!

Мы — годныя і выхаваныя людзі. Не варта весціся на спробы нас абразіць, у тым ліку з боку тых, хто сам беларус і забыўся на гэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?