Гандлёвая сетка «Дабраном» пагасіла пратэрмінаваную бягучую запазычанасць перад пастаўшчыкамі за кошт выручкі сваіх крамаў. У такой сітуацыі іншай крыніцы пагашэння быць не магло, заявіў дырэктар ЗАТ «Дабраном» Васіль Якубаў.
Каментуючы ўзнікненне запазычанасці, кіраўнік прадпрыемства падкрэсліў, што праблемы з разлікамі маюць кароткачасовы характар. У такіх сітуацыях кампанія раней прыцягвала кароткатэрміновыя банкаўскія крэдыты для пагашэння запазычанасцяў.
«На момант вынясення рашэння Мінгандлю аб прыпыненні працы ўсіх крам у «Дабранома» была дамоўленасць з трыма банкамі і буйной лізінгавай кампаніяй аб выдзяленні крэдытных сродкаў, што дазволіла б не толькі пагасіць усю пратэрмінаваную запазычанасць, але і стварыць фінансавы рэзерв для далейшага развіцця кампаніі. Аднак пасля рашэння аб прыпыненні працы сеткі нашы партнёры прыпынілі перамовы аб крэдытаванні да канчатковага рашэння Мінгандлю», — растлумачыў Васіль Якубаў.
Паводле яго слоў, «Дабраном» і без праверкі Мінгандлю абавязкова аплаціў бы ўсё кантракты на пастаўку тавараў. «Ніколі за пяць гадоў працы сеткі не было запазычанасці ні перад бюджэтам, ні па заробках, ні перад банкамі. Запазычанасць перад пастаўшчыкамі, калі і была, то насіла кароткатэрміновы характар. Такія запазычанасці характэрныя для любога ўдзельніка рынку», — заявіў Васіль Якубаў.