Каля 50 кітайскіх рабочых з Добруша хочуць вярнуцца на радзіму. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзіў прэс-аташэ пасольства Кітая ў Беларусі Сунь Хуанчжы.

«Прадстаўнікі пасольства туды ездзілі, садзейнічалі перамовам паміж рабочымі і ўладальнікамі, — сказаў ён. — Астатняе — гэта ўжо чыста камерцыйныя справы. Мы садзейнічалі, каб яны згодна з законам усё там урэгулявалі. Некаторыя хочуць паехаць на радзіму. Дзесьці 50 чалавек, афармляюць дакументы. Як я ведаю, там больш за тысячу рабочых, праект працягваецца».

На пытанне, ці ведалі ў пасольстве пра ўмовы працы кітайскіх рабочых у Добрушы і ці маюць намер дыпламаты штосьці рабіць, Сунь Хуанчжы адзначыў: «Гэта ўжо іх канкрэтныя справы. Мы ўжо не ўмешваемся. Трэба выконваць кантракты. Мы толькі садзейнічалі, каб яны вырашылі праблемы. Астатняе — гэта ўжо не нашы справы».

Раней у інтэрв'ю «Радыё Свабода» рабочыя паведамілі, што пасля канфлікту ім выплацілі зарплату толькі за два месяцы замест трох. Паводле іх слоў, працавалі яны па 10 гадзін за суткі без выхадных з 15-хвілінным перапынкам на абед. Таксама з іх забралі пашпарты.

У кампаніі «Сюань Юань», якая будуе ў Добрушы кардонную фабрыку, ад каментараў адмовіліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?