14.07.2015 / 13:48

Падчас рэстаўрацыі касцёла ў Вішневе знойдзены ўнікальныя рэчы і дакументы 12

«Гэта сенсацыя! Я марыў знайсці грааль у Сынкавічах, а знайшоў Рушчыца ў Вішнева!» — эмацыйна распавядае пра адкрыты падчас рэстаўрацыі касцёла ў Вішнева тайнік з дакументамі мастак Алесь Пушкін.

Золкая ветраная раніца беларускага лета. Каля касцёла Звеставання Дзевы Марыі ў Вішнева сустракаюцца рэдкія мінакі — пераважна мясцовыя. Мужчына і жанчына ідуць ад святой крыніцы з бутэлькамі вады. Мужчына спыняецца каля чарэшні (вакол касцёла пасаджана каля трохсот вішань і чарэшань), рве ягады. Потым на хвіліну адрываецца ад гэтага прыемнага занятку і пытае: «Чым гэты касцёл адметны?». «Ды хаця б сваім узростам». Суразмоўца губляе цікаўнасць, яшчэ колькі часу топчацца пад чарэшняю і шыбуе міма касцёла да машыны з мінскімі нумарамі. 

Вялікая ўдача 

Схоў з дакументамі знайшлі 10 ліпеня падчас устаноўкі новага вітражу на фасадзе касцёла Адведзінаў Дзевы Марыі ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Вішнева Мінскай вобласці быў пабудаваны ў 1637–1641 гадах родам магнатаў Храптовічаў. Храм уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Алесь Пушкін, які кіруе рэстаўрацыйнымі працамі ў Вішнева, займаецца аднаўленнем цэркваў і касцёлаў з 1992 года. Але тайнік пашчасціла знайсці ўпершыню. «Гэта вельмі рэдкі выпадак і вялікая ўдача», — падкрэслівае рэстаўратар.

У тайніку было тры дзясяткі тэчак з дакументамі — метрыкі, тэстаменты, дамовы, парафіяльныя кнігі, інвентарныя вопісы касцёла. Гэтыя дакументы ахопліваюць перыяд з 1827 па 1943 год. Таксама ў схованцы знайшлі 22 арганныя трубы і некалькі акварэльных замалёвак алтарнай часткі касцёла, партрэт Пілсудскага, два пакункі кніг з парафіяльнай бібліятэкі.

Пушкін мяркуе, што гэта могуць быць акварэльныя малюнкі знакамітага мастака Фердынанда Рушчыца. Па версіі Пушкіна, супадаюць час і месца — Рушчыц паходзіць з гэтых мясцін. А ў 1903 годзе ён жыў у радавым маёнтку ў вёсцы Багданава. Да таго ж Рушчыц быў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасцей, рабіў замалёўкі старадаўніх замкаў, касцёлаў. У нацыянальным мастацкім музеі ёсць толькі адно палатно Рушчыца «Каля касцёла. Нядзельны дзень».

 

«Іншага мастака, які б мог рабіць гэтыя замалёўкі, на той час тут проста не было», — перакананы Алесь Пушкін.

Па яго словах, інфармацыя пра знаходку будзе перададзеная ва Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі, у Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Пушкін спадзяецца, што Нацыянальны мастацкі музей зацікавіцца знаходкай і высветліць аўтара малюнкаў.

 

Вялікае ў малым

У Вішнева служыць ксёндз-пробашч Юзаф Мельдзюк. Тайнік знайшлі акурат на пяцігоддзе яго святарскай дзейнасці.

 

Айцец Юзаф усцешаны гэтай знаходкай не менш за рэстаўратара.

«Гэта ж адкрываецца цікавая гісторыя таго, як жылі ў той час людзі, як вёўся ўлік, справаздачы. Цяпер многія цікавяцца продкамі, часта інфармацыю пра сваё паходжанне шукаюць тыя, хто нарадзіўся ў эмігранцкім асяродку. І вось мы маем кнігі актавых запісаў, дзе ўсё зафіксавана, — распавядае ксёндз-пробашч. — Актавыя запісы заканчваюцца 1943 годам. Магчыма, гэты тайнік быў зроблены ў сувязі з гібеллю ксяндза ў 1941 годзе, ці ў сувязі з карнымі акцыямі фашыстаў, расстрэламі габрэяў. Можа, такім чынам хацелі схаваць інфармацыю пра людзей. Парафія існуе з 1424 года, але дакументаў не маем. І вось знайшлі частку архіва. Магчыма, недзе ёсць іншыя тайнікі, і яны будуць знойдзеныя, калі іх змесціва за даўнасцю часу не спарахнела».

Касцёл у Вішнева адметны не толькі сваёй гісторыяй — мястэчка шмат разоў было ў цэнтры ваенных дзеянняў. Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі служыў у гэтым касцёле ад 1954 года, то бок і ў часы СССР касцёл працаваў, а не пераўтварыўся ў бульбасховішча. Больш таго, усе службы вяліся па-беларуску. А Уладзіслаў Чарняўскі гадамі рабіў вялікую працу — перакладаў Біблію і Катэхізіс на беларускую мову. Два разы а. Чарняўскага запрашаў у Ватыкан Ян Павал ІІ.

 

«Але я адмовіўся. Адказаў: хай папа ў Беларусь прыедзе. Хай пабачыць, якія мы занядбаныя, якія мы самотныя ў сваім змаганні…» — тлумачыў пасля а. Чарняўскі.

«У савецкі час трэба было выбудоўваць тактычную дыпламатыю. Відаць, да гэтага быў здольны ксёндз Чарняўскі. Ведаеце, у савецкі час барацьба з рэлігіяй вялася падступнымі захадамі. Напрыклад, мне расказваў адзін дзядзька, што хацеў новы трактар, каб працаваць было лепш, то яму параілі ўступіць у партыю. Дзядзька ўступіў, тады яму загадалі спілаваць крыж. Але той чалавек адмовіўся і ад гэтай прапановы, і ад новага трактара», — распавядае ксёндз-пробашч Юзаф Мельдзюк.

«Гэта багатая традыцыяй парафія. Касцёл патрабуе, канешне, рамонту, але сам факт, што гэтая спадчына засталася нам, сведчыць пра ахайнае стаўленне людзей. Меншаюць вёскі цяпер. І ў нашай парафіі няма выключэння. Толькі ж мы спадзяёмся, што з часам тут будуць запатрабаваныя людзі не толькі рабочых спецыяльнасцяў, але і інтэлектуальных, пачнецца адраджэнне месца. Канешне, мала моладзі прыходзіць у касцёл, але гэта агульная тэндэнцыя. Я працаваў у Мінску і там тое ж назіралася.

Аднойчы прыехалі два турыстычныя аўтобусы, я папрасіў назваць мне 10 запаведзяў. Ніхто не змог гэтага зрабіць. І нават прапанова прыза ў сто долараў не дапамагла. Я бачу галоўную прычыну ў тым, што бацькі не зацікаўленыя ў адукацыі, у тым ліку і рэлігійнай, сваіх дзяцей. Доўгі час нас вучылі, што рэлігія не патрэбная чалавеку, вера ёсць перашкодай. Але ў выніку маладыя людзі не адчуваюць адказнасці за дзеянні, за нашу рэчаіснасць», — дзеліцца думкамі а. Юзаф.

 

Падчас агляду касцёла Алесь Пушкін расказвае колькі каштуе рэстаўрацыя элементаў убранства — лічбы для вясковага касцёла выглядаюць астранамічнымі.

 

«Вось страха цячэ, робім перакрыцці купалаў, бо бачыў, што крыжы стаяць нетрывала. У моцны вецер іх хістала нават. Дошкі на страсе трэба мяняць. Ёсць яшчэ праблема з пошукам спецыялістаў. Бо зрабіць дах у касцёле і накрыць хлеў — гэта ж розныя навыкі трэба мець. Грошай асаблівых няма, але трэба рабіць, і робім пакрысе», — падводзіць рысу ксёндз-пробашч Юзаф Мельдзюк.

 

Падчас нядзельнай імшы ў касцёле поўна людзей. Сярод прыхаджан пераважаюць жанчыны сталага веку. Але прысутнічала і каля дзесяці юных вернікаў. Айцец Юзаф моліцца за здароўе жыхароў і ўраджай, за мір на межах Беларусі і каб не пачалася трэцяя сусветная вайна.

А напрыканцы просіць перадаць «цёзку Юзіку з хутара, каб прыйшоў да касцёлу і зрабіў свой унёсак у працы па аднаўленню храма».

0
Филифион / Адказаць
14.07.2015 / 17:02
"Падчас нядзельнай имшы". Правильна казаць "у час нядзельнай имшы". Узгадау, як наведвауся у касьцел замовиць имшу на год па цесьцю. Было гэта не у Беларуси, але служка, чалавек мясцовы, выслухау маю беларускую мову цалкам мяне зразумеушы. Запрасиу пачакаць ксяндза, адказаушы, што той павинен вос-вось быць. Ксёндз зьвярнууся да мяне з цяжким польским акцэнтам, и пачуушы, што мне трэба, утаропеуся у мяне вачыма и аслупянеу у той пазицыи у якой и выслухау быу мой зварот. Пауза доужылася, ён рабиу нейкия рухи, нибыта намагаючыся адказаць, але словы не трапляли на язык, а адразу скочыли на вусны и бязгучна торгали их. И вось нарэшце ён здолеу вымавиць мне у адказ: "не имшу, а мессу ! "...
0
Змагар / Адказаць
14.07.2015 / 17:25
А пры чым тут Пушкін, калі знайшлі працоўныя? І хто яго ўвогуле туды пусціў?
0
Филифион / Адказаць
14.07.2015 / 18:21
Пушкин кируе рэстаурацыйными працами. Пирамиды Египта таксама працоуныя адкапали, аднак знаходку не за ими записали. Несправядлива, прауда ,Змагар, створаны наш сьвет ? :)))
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру