Тыповая старонка «Беларускіх герояў»
Больш як год таму 24-гадовы праграміст Алег Хвядзьковіч стварыў сайт «Беларускія героі», распавядае dev.by.
На сайце belarusianheroes.com Адам Міцкевіч «зафрэндзіў» Мележа і Напалеона Орду, а Браніслаў Тарашкевіч — Ластоўскага і Геніюш. Яны рэгулярна публікуюць свае фота, на іх старонках можна пачытаць пра важныя падзеі з іх жыцця.
Праект некамерцыйны. Як распавядае Алег, ён з дзяцінства цікавіўся гісторыяй. Праграміст быў уражаны артыкулам «Камсамольскай праўды» пра рэпрэсіі 30-х гадоў — гісторыяй пра тое, як Цішка Гартны пасля допытаў скончыў жыццё самагубствам, і здымкамі Максіма Гарэцкага да і пасля катаванняў НКВД.
Найперш ён абраў для сайта тэму рэпрэсаваных беларусаў, але пазней дадаў пісьменнікаў, артыстаў, спартоўцаў і навукоўцаў, а таксама аздабленне «пад сацсетку». Сумарна на сёння набралася 32 героі з дэталёвымі старонкамі ў «сацсетцы».
Аўтар «Беларускіх герояў» распавядае пра адсутнасць дапамогі ад музеяў (хаця музею Купалы ён нават дапамог з бяспекай — параіў змяніць лагін і пароль ад сайта з «admin — admin» на нешта больш складанае). Ён быў бы рады дапамозе неабыякавых па начыненні сайта, па даданні на яго гістарычных і актуальных падзей — напрыклад, імпрэзаў, прысвечаных героям.
Чытайце вялікае інтэрв’ю стваральніка «Беларускіх герояў» на dev.by >>>