Зоя Белахвосцік і Аляксандр Гарцуеў

Яны пазнаёміліся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе вучыліся ў адзін час, але на розных курсах. Пазней разам здымаліся ў кіно. А потым Гарцуеў сышоў у армію. Калі вярнуўся, Зоя перажывала расстанне з каханым чалавекам. «Пасля горкага вопыту я зараклася мець стасункі з жанатымі мужчынамі і блізка Сашу не падпускала, – прызнавалася актрыса. – Але бачыла, што ў сям’ю ён не спяшаецца… Я вельмі палохалася гэтага, але менавіта Саша вярнуў мяне да жыцця: з ім было цікава, весела, прыгожа і шчыра». Сам Гарцуеў расказваў, што яны сышліся на глебе моднага тады захаплення бардаўскай песняй. «Я шмат песень пісаў, Зоя добра спявае – такі вось дуэт у нас атрымаўся. Зоін бацька (акцёр Валянцін Белахвосцік), назіраючы за намі, адразу сказаў, што дабром гэты дуэт не скончыцца. Вось і даспяваліся…» Дачка Зоі і Аляксандра, Валянціна Гарцуева, таксама стала актрысай і працуе ў Купалаўскім разам з маці. Аляксандр стаў рэжысёрам і з’яўляецца мастацкім кіраўніком РТБД.

Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў

Будучае сямейнае шчасце салістам балета Дзятко і Кузняцову прынесла газетная нататка. Канстанцін нарадзіўся ў Смаленску, дзе займаўся ў Народным тэатры балета. У Мінску ў яго было шмат сваякоў. Аднойчы ім на вочы трапілася газета, у якой паведамлялася пра набор у харэаграфічнае вучылішча. 10-гадовы Кузняцоў якраз хацеў пабываць у Мінску, у той жа прыезд здаў уступныя экзамены і паступіў. Разам з ім у адным класе апынулася карэнная мінчанка Юлія Дзятко: яе сваякі гралі у аркестры Опернага тэатра. Канстанцін і Юлія трапілі ў адзін клас. Педагогі пачалі ставіць іх разам у дуэтных танцах. Калі пара скончыла вучылішча і была прынятая ў Музычны тэатр, Канстанцін пераехаў на кватэру да Юліі. Праўда, як сябра і балетны партнёр, жыў у суседнім пакоі. Бацькі былі не супраць, толькі тата часам ціха пытаўся ў дачкі: «Калі ж вяселле?» Прапанову танцоўшчык зрабіў праз два гады. Цяпер Дзятко і Кузняцоў – не толькі вядучыя салісты Опернага тэатра, але і харэографы, чые балеты ідуць на вялікай сцэне.

Кацярына Шатрова і Аляксандр Ткачонак

Мінчанка Кацярына магла пазнаёміцца са сваім будучым мужам адразу пасля школы: у 1988 годзе яна паступала ў Тэатральна-мастацкі інстытут на курс, дзе выкладаў Аляксандр Ткачонак, зорка Рускага тэатра. Але з першага разу ў ВНУ не трапіла. Таму знаёмства адбылося… праз 11 гадоў, калі Шатрова прыйшла на прагляд у Рускі. Тады ў калектыве існавала традыцыя – кожнае лета, дваццаць ліпеньскіх дзён, трупа выступала з канцэртамі ў ваенных частках. Ткачонак быў іх актыўным удзельнікам, Шатрова – вядучай. Выпадкова атрымалася так, што ў аўтобусе Кацярына сядзела адна, Аляксандр – таксама, таму падчас дарогі акцёры разгаварыліся. «Ён часта браў з сабой плэер, і ў дарозе мы слухалі музыку, абменьваліся поглядамі на жыццё, дзяліліся ўражаннямі аб прачытаным або ўбачаным, – расказвала Шатрова, – І гэтыя размовы ў нейкі момант зрабіліся для мяне проста неабходнымі. Яны вельмі натуральна сталі часткай майго жыцця». Калі трупа вярнулася ў Мінск, акцёры сышлі ў адпачынак. Але мужчынская частка трупы на два тыдні з’ехала на рыбалку. Праўда, ужо праз два дні Аляксандр напісаў Кацярыне ліст. Тая адказала… Дарэчы, сукенку на ўласнае вяселле Шатрова пашыла сама.

Анастасія Грыненка і Дзмітрый Якубовіч

У канцы 1990-х у Беларускай акадэміі мастацтваў аб’явілі набор на першы эксперыментальны курс: рэжысёр і педагог Барыс Утораў рыхтаваў сваіх вучняў для працы ў Музычным тэатры. У выніку на сцэне гэтага калектыву працуюць Ілона Казакевіч і Кацярына Дзегцярова, а Юлія Шпілеўская выступае на сцэне Купалаўскага. Але галоўнае, што зрабіў Утораў для сваіх вучняў, – дапамог Дзмітрыю Якубовічу і Анастасіі Грыненка адшукаць шчасце. Дзмітрый рыхтаваўся стаць акцёрам, Анастасія – рэжысёрам. Яны разам рыхтавалі ўрыўкі з двух п’есы Грыгорыя Горына – «Каралеўскія гульні» і «Чума на вашыя дамы». У абодвух творах маладзёны павінныя былі граць закаханую пару. Таму Утораў вучыў студэнтаў тэхніцы пацалунка на сцэне (а ўвесь курс ціха падглядваў). Відаць, тады паміж Грыненка і Якубовічам прабегла іскра. У канцы другога курса яны пачалі сустракацца, а на трэцім, у 1999 годзе, узялі шлюб. Цяпер Анастасія – мастацкі кіраўнік тэатра «Тэрыторыя мюзікла», Дзмітрый – дырэктар гэтага калектыву і адначасова саліст Музычнага тэатра.

Кацярына Галаўлёва і Міхаіл Панджавідзе

Спявачка Галаўлёва і рэжысёр Панджавідзе пазнаёміліся ў маскоўскім Вялікім тэатры. «Я быў стажорам, а Каця – салісткай, – расказвае Панджавідзе. – Я даў сабе зарок: пакуль стажор, ніякіх раманаў. Таму быў пай-хлопчык, на жанчын нават не глядзеў. Хоць Кацю заўважыў адразу, у першую чаргу таму, што яна была вострая на язык. Дасціпнасць у жанчынах для мяне вельмі каштоўная, тым больш што даволі рэдка сустракаецца. Калі стажыроўка скончылася, мяне перавялі ў штат. Ад радасці я вырашыў зладзіць гэтакі «гусарскі забег». Заходжу ў тэатр у пошуках першай ахвяры, а насустрач Кацярына. Запрасіў яе на шампанскае, яна паабяцала і не прыйшла. Мяне гэта так распаліла, што я пачаў да яе заляцацца, каб дасягнуць свайго. У выніку дасягнуў – закахаўся і ажаніўся. Тым мой «гусарскі забег» і скончыўся. Першая «ахвяра» аказалася і апошняй. Вось і жывём разам ужо амаль дваццаць гадоў».

Міхаіл Панджавідзе – галоўны рэжысёр Нацыянальнага тэатра оперы і балета, Кацярына Галаўлёва – салістка адразу двух Вялікіх тэатраў – мінскага і маскоўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?