Слон перасоўнага цырка «Дзіва», які зваліўся 10 ліпеня на паказе ў Магілёве, працягвае працаваць, паведамілі БелаПАН у цырку. 

Падчас трука на высокіх тумбах двухметровы слон не ўтрымаў раўнавагу і паваліўся, ледзь не прызямліўшыся на наведвальнікаў. Адміністрацыя цырка сцвярджае, што жывёла адчувае сябе добра. 

«Наша Бэйбі (так завуць слана) выдатна сябе адчувае. У той жа дзень яна вярнулася да працы, — паведамілі ў цырку. — Усіх, каго трывожыць лёс жывёлы, запрашаем у парк у Магілёве. Прыходзьце з бананамі, паглядзіце, які ў нашага слана добры апетыт». 

Паводле слоў прадстаўнікоў цырка, гэта першы выпадак падзення слана за ўвесь час працы. Яны лічаць, што слон паслізнуўся і таму паваліўся. «У нас вельмі добрыя ўмовы ўтрымання жывёл. Мы кормім і мыем іх на вачах у людзей, нічога не ўтойваем. Падзенне слана не звязана з яго стомленасцю», — заявілі ў адміністрацыі. 

Пасля Магілёва перасоўны цырк плануе прадоўжыць гастролі, наступны пункт — Віцебск. 

Перасоўны цырк «Дзіва» — праект былога галоўнага рэжысёра Белдзяржцырка Сержа Бандарчука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?