У склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітзняволенага Мікалая Статкевіча ўвайшло больш за 1,5 тыс. чалавек, паведаміла БелаПАН жонка палітыка Марына Адамовіч. 

Паводле яе слоў, 14 ліпеня ў Мінску адбылося агульнае пасяджэнне прадстаўнікоў структур, якія ўдзельнічаюць у кампаніі па вылучэнні Статкевіча. На ім прынята рашэнне аб падачы дакументаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Цэнтрвыбаркам 16 ліпеня. Да гэтага дня фарміраванне групы будзе працягнута.

Адамовіч адзначыла, што кожная са структур, якія ўваходзяць у аргкамітэт па вылучэнні Статкевіча, змагла прыцягнуць у склад ініцыятыўнай групы не менш як 200 чалавек. 

Фарміраванне ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты пачалося 2 ліпеня. У склад адзінага аргкамітэта па вылучэнні Статкевіча ўвайшлі прадстаўнікі аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», зарэгістраванага ў Чэхіі аб'яднання «Малады фронт», стваранага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», а таксама руху салідарнасці «Разам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0