Лідар ствараемага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі», паэт Уладзімір Някляеў мяркуе, што адзіная правільная стратэгія на прэзідэнцкіх выбарах для кандыдатаў ад апазіцыі — адмовіцца ад удзелу ў кампаніі і падтрымаць вылучэнне палітвязня Мікалая Статкевіча. Пра гэта палітык заявіў 15 ліпеня на круглым стале «Байкот vs удзел у кампаніі», арганізаваным Аб'яднанай грамадзянскай партыяй.

«Удзел апазіцыі ў выбарах у тым фармаце, які прапанаваны ўладай, шкодны для будучыні краіны, гэта вядзе да кансервацыі рэжыму», — мяркуе Някляеў. На яго думку, гэта адбудзецца незалежна ад таго, што кандыдаты паспеюць данесці да выбаршчыкаў. «Трэба было браць удзел у выбарах, але з тым, чаго мы не дабіліся — з адзіным кандыдатам і адзінай праграмай», — зазначыў палітык.

Паводле слоў Някляева, ніхто з прадстаўнікоў палітычных партый не паспрабаваў прааналізаваць, як удзел або няўдзел апазіцыі ў выбарах 2015 года паўплывае на ўмацаванне або аслабленне беларускай дзяржаўнасці. «Найбольшая небяспека для краіны сёння — страта незалежнасці. Няма аналізу па асноўнай праблеме, якая пасля падзей ва Украіне проста стала відавочнай», — заявіў Някляеў.

Палітык таксама зазначыў, што ў няздольнасці апазіцыі дамовіцца аб вылучэнні адзінага кандыдата «персанальныя адносіны спрацавалі мацней, чым усё астатняе».

29 чэрвеня Някляеў упершыню выступіў з заклікам да патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты зняцца з выбараў да пачатку рэгістрацыі ініцыятыўных груп і падтрымаць вылучэнне адзіным кандыдатам ад апазіцыі палітвязня Мікалая Статкевіча. Аднак гэта прапанова экс-кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года дагэтуль не знайшла падтрымкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?