Служба бяспекі Украіны вырашыла правесці антытэрарыстычную аперацыю ў Закарпацкай вобласці краіны, дзе на мінулым тыдні адбылася перастрэлка байцоў арганізацыі «Правы сектар» з праваахоўнымі органамі.

Па словах начальніка штаба антытэрарыстычнага цэнтра СБУ Генадзя Кузняцова, якія цытуюць украінскія СМІ, рашэнне аб правядзенні ўжо гатова, усе планы ўзгодненыя, а ўсе неабходныя сродкі і сілы ўжо знаходзяцца ў раёне.

У сваю чаргу лідар «Правага сектара» Дзмітрый Яраш заявіў, што яго людзі гатовыя аказаць супраціў сілавікам у выпадку, калі тыя паспрабуюць пачаць штурм іх пазіцый у Закарпацці. Ён адзначыў, што не раіў бы сілавікам ісці на такі крок.

«Мы ж не бараны, якіх на забой вядуць. Зразумела, калі будуць такія дзеянні, то нам давядзецца абараняць сваіх байцоў. Я ж разумею, што ліквідацыя будзе не толькі там, яны пачнуць зноў атачаць нашы базы, спрабаваць раззбройваць», — заявіў Яраш на брыфінгу, які трансляваў украінскі тэлеканал 112.

Яраш таксама паабяцаў правесці на наступным тыдні пазапланавы з'езд «Правага сектара» ў Кіеве. Акрамя таго, лідар «Правага сектара» заявіў, што ў планы арганізацыі ўваходзіць таксама правядзенне на Майдане масавай акцыі, патрабаванні якой будуць зацверджаны пазней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?