Сталі вядомыя некаторыя дэталі біяграфіі Андрэя Канаўца, які падаў дакументы ў ЦВК на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты.

Нагадаем, Канавец — 36-гадовы выхадзец Наваполацка, дырэктар турыстычнай і транспартнай фірмаў, заявіў, што ў ягонай ініцыятыўнай групе 100 чалавек, а ў прэзідэнты ён ідзе, каб «пабудаваць новае жыццё ў Беларусі»

Як паведамляла Еўрарадыё, некалькі гадоў таму Канавец спрабаваў прывезці ў Мінск культавую групу Metallica, аднак гісторыя скончылася скандалам. Група не даехала ў Беларусь і нібыта нават не мела такіх планаў.

«А праз некаторы час на Канаўца пакрыўдзілася вядомая расійская спявачка Паліна Гагарына. Маўляў, арганізатары яе беларускага канцэрту не выплацілі абяцанага ганарару», — паведаміла Еўрарадыё. «Арганізатары канцэрту да гэтага часу не расплаціліся з намі. Гаворка пра суму памерам прыкладна 12 тысяч еўра. Мы падалі заяву ў нашу пракуратуру. Наколькі я ведаю, справа разглядаецца», — цытуе Еўрарадыё PR-мэнэджара спявачкі.

Сам Канавец гэтыя прэтэнзіі адмаўляе, заяўляючы, што яго фірма расплацілася з Гагарынай.

Аднак на гэтым гісторыя не скончылася. У рэдакцыю TUT.BY звярнуўся чалавек, які быў знаёмы з Канаўцом некалькі гадоў таму. Ад суразмоўцы мы даведаліся, што Канавец змяніў прозвішча і раней яго клікалі Андрэй Кагалёў.

Па словах суразмоўцы, Канавец (Кагалёў) у 2012 годзе праводзіў у Беларусі музычны конкурс «Новая зорка» для маладых таленавітых выканаўцаў, для чаго нібыта выкарыстаў чужыя грошы.

Аднак пасля таго як паўфінал не акупіўся, ён, па словах знаёмага, з'ехаў у Расію, не аддаўшы грошай, якія быў вінен, і «падвёў удзельнікаў конкурсу, якія чакалі фіналу». «Акрамя таго, Кагалёў казаў, што ў яго ёсць судзімасць ў Расіі па эканамічным артыкуле», — сказаў знаёмы прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост. Па дадзеных суразмоўцы TUT.BY, Кагалёў таксама быў датычны і да іншых правапарушэннях у Расіі.

Інфармацыя аб конкурсе «Новая зорка» ёсць у сацыяльнай сетцы «Укантакце», дзе фінал конкурсу толькі анансаваны. Там жа ёсць фота Андрэя Канаўца (Кагалёва) з расійскімі знакамітасцямі на дабрачынным канцэрце ў Маскве.

Акрамя таго, рахунак Канаўца (Кагалёва) ёсць у «Фэйсбуку», дзе ён створаны пад ранейшым прозвішчам прадзюсара.

TUT.BY звязаўся з самім прэтэндэнтам на прэзідэнцкі пост. Ён заявіў, што ўсё яшчэ плануе вылучацца: «Назад дарогі няма».

У тым, што тычыцца артыкула на Еўрарадыё пра канцэрт Гагарынай і непрыезд групы Metallica, Канавец заявіў: «Я падаю на Алеся Пілецкага (журналіст Еўрарадыё. - TUT.BY) у суд за тое, што ён вынес на агляд. Дырэктарам фірмы, якая прывозіла Паліну Гагарыну, быў не я… Я там быў усяго толькі музычным прадзюсарам «.

«Так, «Металіку» хацелі прывезці, але быў запытаны вялікі ганарар, і мы адмовіліся», — дадаў Канавец.

Ён пацвердзіў, што быў прадзюсарам конкурсу «Новая зорка». «Фінал не прайшоў па той прычыне, што я пасварыўся са сваімі партнёрамі, было недастойнае партнёрства», — сказаў Канавец.

Ён адхіліў абвінавачванні ў тым, што браў у кагосьці грошы на правядзенне конкурсу.

Канавец сказаў, што памяняў прозвішча, таму што «захацеў прозвішча жонкі», і гэта рашэнне ніяк не было звязана з яго бізнэсам.

Наяўнасць судзімасці ў Расіі Канавец адмаўляе, аднак прызнаў, што ў яго была судзімасць ў Беларусі ў 1990-я, аднак не стаў удакладняць, па якім артыкуле. «Давайце на дадзены момант гэта наогул не абмяркоўваць, таму што я яшчэ не кандыдат і ніякага сэнсу абмяркоўваць маё былое асабістае жыццё няма», — заявіў Канавец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?