19.07.2015 / 10:23

У Глыбокім прайшоў грандыёзны «Вішнёвы фэст» ФОТАРЭПАРТАЖ 23

Штогод у Глыбокім — Вішнёвы фэст, які прыпадае на сезон паспявання вішняў. Фэст доўжыцца цэлы тыдзень, але самая актыўная яго частка прыпадае на суботу. У гэты дзень прыязджае шмат гасцей, не толькі з суседніх гарадоў і Мінска, але, перадусім, з замежжа.

Прыехала гэтым разам вялікая латвійская дэлегацыя: з Прэйляў, Лімбажаў, Лудзы (колішні Люцын у Віцебскай губерні, які меў герб Пагоня).

Урачыстае адкрыццё фэсту пачынаецца ля помніка Глыбоцкай Вішні, потым — святочнае шэсце ад помніка да галоўнай сцэны горад.

Трэба сказаць, што Глыбокае не ўпала тварам у бруд. Госці, сапраўды, прыехалі ў беларускі горад. Уся ўрачыстая частка — на беларускай мове. Па-руску выступалі, хіба што, госці, ды кіраўнік раёна Алег Морхат, які заўсёды прамаўляе па-беларуску, але сёння, з-за наплыву замежных госцяў, выступіў па-руску.

Было зачытана прывітальнае слова ад Жыгулёўскай Вішні (Самарская губерня), а госці з Латвіі пажадалі Глыбоцкай Вішні – не змёрзнуць ад зімняй сцюжы, ды не ссохнуць у летнюю спёку, а быць заўсёды сакавітай, смачнай і салодкай! Ды надарылі гораду шмат падарункаў!

Кожны глыбоцкі сельсавет прыехаў са сваім панадворкам ды частаваў стравамі, дзе адным з інгрэдыентаў была вішня. Свае панадворкі паставілі і ўсе прадпрыемствы раёна. А Глыбоцкаму малочна-кансерваваму камбінату і «сам бог загадаў» прадукаваць ёгурты з вішняй (не ведаю, мо яшчэ не робяць, але ж некалі будуць).

Трэба сказаць, што вішня на прыватных сядзібах Глыбокага расце ў 8 выпадках з 10. Так палічылі. Вішня ў Глыбокім, сапраўды, родзіць! Сюды прыязджаюць скупшчыкі з Полацка і Віцебска, дзе ў сябе прадаюць разы ў 2-3 даражэй. У межах горада нядаўна закладзены вялікі ўзорны вішнёвы сад.

Стала ўжо добрай традыцыяй пад час урачыстага адкрыцця Вішнёвага Фэсту згадваць імя легендарнага глыбоцкага агранома Баляслава Лапыра, які і заклаў на Глыбоччыне высокагатунковыя вішнёвыя сады яшчэ «за польскім часам». На вёсках і сёння вішні клічуць – лапыровы.

Лапыра згадваюць заўсёды толькі, як агранома, што, зразумела, натуральна. Аднак Баляслаў Лапыр быў беларускім нацыяналістам у самым лепшым сэнсе гэтага слова. За «польскім часам» ён пераследаваўся ўладамі за актыўную беларускую дзейнасць — маўляў «навяртаў польскі народ на беларусінаў». Ставіў беларускія спектаклі ў Глыбокім, распаўсюджваў беларускую літаратуру, ствараў у вёсках гурткі беларускага фальклору. У 40 гадоў палякі выгналі Лапыра на пенсію. Пасля чаго ўзняўся грандыёзны міжнародны скандал. Перад самым выбухам вайны ў Глыбокім ужо працавала нямецкая агентура. Інфармацыя патрапіла ў самыя чытаныя газеты гітлераўскай Нямеччыны. Маўляў, у Польшчы пераследуюцца нацыянальныя меншасці! Як факт — пададзена выгнанне Баляслава Лапыра з працы толькі за тое, што ён — беларус. Палякі спрабавалі залагодзіць скандал, прыязджалі і прапаноўвалі яму стаць нават міністрам сельскай гаспадаркі! Адмовіўся! У часе нямецкай акупацыі працаваў у «беларускай адміністрацыі» Глыбокага, шмат каму дапамог пазбегнуць вывазу ў Нямеччыну. Дамогся ў касцёле і царкве богаслужэння на беларускай мове. Загінуў у кіпцюрах НКВД у 1944 годзе…

Вуліца імя Баляслава Лапыра і музей Глыбоцкай Вішні — гэта толькі пытанне часу!

Урачыстае шэсце. Злева – вішнёвая каралева, за ёй – вішанькі.

Ідуць глыбоцкія вішні. Усё – у колерах спелай вішні і вішнёвай лістоты.

Працоўныя калектывы і госці свята.

Вышыванкі дайшлі і да Глыбокага!

Дзяўчаты з Латвіі.

Зачытваюць прывітанне ад Жыгулёўскай Вішні.

Прывітанне ад латышскай дэлегацыі – пажадалі Глыбоцкай Вішні – не змёрзнуць ад зімняй сцюжы, ды не ссохнуць у летнюю спёку, а быць заўсёды сакавітай, смачнай і салодкай!

З’еш вішню ў шакаладзе ў вішнёвую ноч і апынешся ў вішнёвым раі!

У кожнага сельсавета – свoй панадворак і свая сцэнічная пляцоўка.

Вішнёвы стыль адзення.

Вішнёвыя вяселлі — іх шмат было ў Глыбокім у гэты дзень.

Феерверк з нагоды завяршэння Вішнёвага фэсту над возерам Кагальнае.

Феерверк з нагоды завяршэння Вішнёвага фэсту над возерам Кагальнае.

Нягледзячы на моцны лівень шмат людзей прыехала на нябярэжную і чакала феерверку.

Уладзімір Скрабатун

0
Филифион / Адказаць
19.07.2015 / 10:45
Назвы стравау спрэс расейшчынай. "Я люблю свой город", "Глубокое - Город мечты". Куды Крулеуски глядзеу ?! Глыбокае - такое Глыбокае.
0
Заходні беларус / Адказаць
19.07.2015 / 10:57
все наименования товаров на русском языке - Глубокое, это где...в России или в Беларуси?
0
Mihas Baranіk / Адказаць
19.07.2015 / 11:58
Ці ня таму сп. Ю. Крулеўскі з*яўляецца нашым нацыянальным дыямэнтам на роднай яму глыбоччыне. Але - як каму...
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру