Джордж Буш

Прэзідэнт ЗША Джордж Буш выказаў спачуванні Аляксандру Казуліну і яго дочкам Вользе і Юліі ў сувязі са смерцю Ірыны Казулінай. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай 25 лютага прэс‑службай Белага дома.

«Ірына Казуліна была нястомным абаронцам свабоды ў Беларусі. Яе будзе не хапаць», — падкрэсліваецца ў заяве.

ЗША таксама асудзілі адмову беларускіх уладаў выпусціць А.Казуліна ў дні перад смерцю І.Казулінай і запатрабавалі неадкладна вызваліць апазіцыйнага палітыка са зняволення.

«ЗША асуджаюць адмову беларускага рэжыму вызваліць палітычнага зняволенага Аляксандра Казуліна ў дні, якія папярэднічалі смерці яго жонкі, што выклікала неразуменне, а таксама адразу пасля яе смерці 23 лютага. Мы зноў паўтараем наша патрабаванне аб неадкладным і безагаворачном вызваленні Казуліна», — гаворыцца ў заяве.

У ёй таксама зазначаецца, што «з‑за яго несправядлівага зняволення А.Казулін не змог далучыцца да іншых лідэраў аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, калі яны сустракаліся з прэзідэнтам Бушам у Авальным кабінеце Белага дома 6 снежня 2007 года».

Нагадаем, А.Казулін быў затрыманы ў сакавіку 2006 года за арганізацыю шэрагу акцый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Суд прызнаў яго вінаватым у хуліганстве і арганізацыі масавых беспарадкаў і асудзіў да 5,5 года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

І.Казуліна памерла вечарам 23 лютага ад анкалагічнага захворвання. Аднак пытанне аб кароткатэрміновым водпуску яе мужу ў сувязі з пахаваннем было вырашана толькі праз трое сутак пасля яе смерці. Каля 1 гадзіны ночы 26 лютага А.Казуліна прывёз дадому ў Мінск начальнік калоніі «Віцьба‑3» Віталь Агнісцікаў.

Грамадзянская паніхіда па Ірыне Казулінай пачнецца 26 лютага ў 20.00 у Чырвоным касцёле Мінска. Пахаванне адбудзецца ў сераду, 27 лютага.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0