Аляксандр Лукашэнка лічыць праблему рэфармавання міжнародных арганізацый даўно наспелай. Аб гэтым ён заявіў 21 ліпеня на сустрэчы са старшынёй АБСЕ, першым намеснікам прэм'ер-міністра — міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам.

«Згадзіцеся, што роля не толькі АБСЕ, але і іншых міжнародных арганізацый настолькі прыніжаная, што далей ужо няма куды», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. 

На думку кіраўніка дзяржавы, рэфармаванне ААН, АБСЕ і іншых арганізацый «ужо не проста наспела, а пераспела». «У адваротным выпадку гэтыя арганізацыі акажуцца проста маргінальнымі структурамі, якія ні на што не будуць уплываць», — сказаў ён.

«Магчыма, Сербіі ўдасца штосьці ў гэтым кірунку зрабіць. Калі вы замахняцеся хоць у нейкай частцы на вырашэнне гэтай праблемы, вы можаце разлічваць на наш удзел», — дадаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што адчувае дваістае стаўленне да АБСЕ. З аднаго боку, паводле слоў Лукашэнкі, гэта вельмі патрэбная арганізацыя, асабліва «сёння, калі ў Еўропе фактычна разгарэўся ваенны канфлікт, фактычна ідзе вайна паміж проціборствуючымі бакамі». «З аднаго боку, патрэбная арганізацыя, якая павінны адыгрываць значную ролю менавіта ў арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, з другога боку — недастатковая роля», — падкрэсліў ён. 

У гэтым Лукашэнка бачыць віну самой арганізацыі і найперш кіраўнікоў дзяржаў АБСЕ. «Калі ўжо вайна, то, напэўна, у тэрміновым парадку павінны былі сабрацца кіраўнікі дзяржаў, абмеркаваць гэту праблему і прыняць нейкія меры, рашэнні. Не атрымаецца — хоць бы ў вочы сказаць усё тое, што адзін пра аднаго думаюць. Пакуль гэтага не адбываецца», — адзначыў беларускі кіраўнік. 

У той жа час, дадаў ён, АБСЕ «спрабуе» і робіць неабходнае для ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, наколькі гэта магчыма. «Але, канешне, з тымі паўнамоцтвамі, якія АБСЕ сёння мае, не маючы імпульсу ад кіраўнікоў дзяржаў, наўрад ці АБСЕ ў гэтай сітуацыі можа штосьці зрабіць», — падкрэсліў Лукашэнка. 

Таму, лічыць ён, і з'яўляюцца новыя фарматы перамоў: нармандскія, берлінскія, мінскія і іншыя. «Усё гэта магло ўмясціцца ў адной арганізацыі — АБСЕ, і гэта яе функцыя», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Івіца Дачыч адзначыў, што Беларусь унесла велізарны ўклад у мірны працэс, бо ў Мінску сустракаюцца трохбаковая кантактная група і яе рабочыя падгрупы, дасягаюцца шматлікія дамоўленасці, пагадненні.

Ён адзначыў, што Сербія, з'яўляючыся старшынёй АБСЕ, стараецца максімальна прыкласці намаганні, каб палітычны працэс развіваўся, асабліва ў пытаннях, звязаных з Украінай, але пры гэтым не забывае і пра іншыя замарожаныя канфлікты ў Еўропе.

Гаворачы пра беларуска-сербскія адносіны, Дачыч падкрэсліў, што яны вельмі дружалюбныя. «Мы прыхільныя развіццю нашых адносін ва ўсіх сферах: палітычнай, эканамічнай, навукова-культурнай, адукацыі, унутраных спраў, абароны», — сказаў ён.

Івіца Дачыч таксама перадаў кіраўніку дзяржавы прывітанне ад прэзідэнта Сербіі Таміслава Нікаліча і прэм'ер-міністра гэтай краіны Аляксандра Вучыча, паведамляе прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?