Украіна значна мацнейшая, чым многія лічаць, піша былы баявы афіцэр амерыканскай арміі Адрыян Боненбергер у артыкуле на сайце вядомага часопіса Forbes. 

Дагэтуль украінцы трымаюць значную частку арміі ў рэзерве на той выпадак, калі Расія накіруе на Данбас дадатковыя сілы рэгулярнай арміі. Калі ў мінулым жніўні ўкраінская армія вяла наступ супраць баевікоў, яна паставіла «ДНР» і «ЛНР» на мяжу ваеннага краху, і толькі дапамога расійскай арміі змагла ўратаваць гэтыя псеўданезалежныя ўтварэнні.

З таго часу лінія фронту стала адносна стабільнай, аднак сутычкі і абстрэлы працягваюцца кожны дзень, кожны дзень абодва бакі нясуць страты, піша Боненбергер, які ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях у Афганістане.

Украінскія нацыянальныя гвардзейцы і амерыканскія жаўнеры на палігоне ў Яварыве, вясна 2015 года. Фота newssky.com.ua

Украінскія нацыянальныя гвардзейцы і амерыканскія жаўнеры на палігоне ў Яварыве, вясна 2015 года. Фота newssky.com.ua

Многія на Захадзе лічаць, што Расія можа ў любы час парушыць гэтае статус-кво, прабіцца праз украінскія абарончыя пазіцыі, дайсці да Кіева, Адэсы і нават далей. Адпаведна лічыцца, што Украіна абсалютна няздольная абараніцца ад Масквы і трымаецца толькі таму, што РФ пакуль не адпраўляла ў бой дастаткова вялікіх сіл.

Аднак з іншага боку, Украіна ўвесь час умацоўвае сваю абарону, трэніруе армію, а насельніцтва ўсё больш асацыюе свой лёс з лёсам дзяржавы.

Боненбергер, які пасля службы ў 173 амерыканскай паветрана-дэсантнай брыгадзе стаў журналістам, правёў тыдзень у ўкраінскім Яварыве, дзе падраздзяленні як раз гэтай брыгады трэніруюць адзінкі Нацыянальнай гвардыі Украіны.

Па ягоных словах, ён быў уражаны здольнасцю ўкраінскіх жаўнераў вучыцца: іх тактычныя навыкі сталі не горшымі, чым у большасці амерыканскіх баявых частак.

Украінскія танкі на выпрабаваннях у Жытомірскай вобласці. Фота newssky.com.ua

Украінскія танкі на выпрабаваннях у Жытомірскай вобласці. Фота newssky.com.ua

«Амаль сем год я служыў афіцэрам (у тым ліку два гады ў Афганістане), і калі я трэніраваў афганскую паліцыю і жаўнераў, я не бачыў нічога падобнага», — піша аўтар.

«Я чуў, як страляе артылерыя і танкі — украінскія артылерысты трэніраваліся ваяваць разам з пяхотай і бранятэхнікай, якія павінны хутка і дакладна атрымліваць дапамогу з боку мінамётаў і гармат. Яны ўжо сталі часткай адзінай арміі, якая працуе па прынцыпах здольнасці і арганізаванасці, а не рэліктам савецкага часу», — дадае Боненбергер.

У выніку з'яўляецца варыянт, пра які ніхто не думае ані на Захадзе, ані ў Расіі — праз расійскую самаўпэўненасць, праз звычку лічыць украінскую армію няздольнымі небаракамі Украіна можа нанесці нечаканы ўдар па расійскіх марыянетках і разграміць іх.

Нават калі самі ўкраінскія вайскоўцы гэтага яшчэ не разумеюць, можа атрымацца так, што сутыкненне новай украінскай арміі з часткамі «ДНР-ЛНР» прывядзе «Наваросію», якая схільная прыніжаць і недаацэньваць праціўніка, да ваеннай паразы.

Вучэнні на Яварыўскім палігоне. Фота akcent.org.ua

Вучэнні на Яварыўскім палігоне. Фота akcent.org.ua

«Расія знаходзіцца ў вельмі хісткім становішчы. Чым даўжэй яна чакае, тым больш імавернасць таго, што яе сілы ў Данбасе рызыкуюць атрымаць катастрофу, нечуваную з Другой сусветнай вайны — акружэнне і знішчэнне цэлага баявога злучэння. З кожным тыднем украінская армія мацнее і робіцца больш упэўненай у сваіх сілах. З кожным тыднем расейскія жаўнеры і афіцэры больш вераць у свае сілы і ў слабасць і слабы маральны дух украінцаў», — піша ветэран.

У выніку складваецца сітуацыя, пры якой не Расія знішчае ўкраінскую армію, а Пуцін вымушаны ісці на радыкальныя меры, каб уратаваць тое, што яшчэ застанецца ад «Наваросіі» і нават спыніць наступ украінцаў на суседнія расейскія рэгіёны.

Зрэшты, чаму ўкраінцы павінны спыняцца на сваіх межах, калі Расія займае ўкраінскі Крым? — задаецца рытарычным пытаннем аўтар. Да таго ж нечаканая параза ад праціўніка, які лічыўся слабым, можа мець вельмі дрэнныя наступствы для баявога духа ўсёй расійскай арміі.

«Я спадзяюся, што заходнія дыпламаты дапамогуць Пуціну ўбачыць, наколькі вар'яцкай ёсць ягоная палітыка ў Украіне, і чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепей, бо чым даўжэй ён застаецца на ўкраінскай тэрыторыі, тым больш шансаў на тое, што ён атрымае прыніжальную паразу», — адзначае Боненбергер.

Такая параза і хваравітая рэакцыя на яе ў Крамлі могуць быць настолькі небяспечнымі, што пагроза Трэцяй сусветнай вайны падымецца да ўзроўню, нябачанага з часоў Карыбскага крызісу.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?