Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

У ініцыятыўную групу эканаміста Віктара Цярэшчанкі ўвайшлі 946 чалавек. Ягонае імя знаёмае выбарцам па прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Тады кандыдат быў адзіным, хто не крытыкаваў кіраўніка дзяржавы.

Сярод апанентаў Лукашэнкі толькі Цярэшчанку не затрымалі ў ноч пасля Плошчы. Ён спрабаваў балатавацца і ў 1994, і ў 2001 гадах, але тады не сабраў патрэбныя подпісы.

Цярэшчанку 65 гадоў, ён паходзіць з Краснапольскага раёна. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, ачольваў Беларускую народную партыю. Цяпер прадстаўляецца як старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

«Калі б мяне паслухаліся ў 2010 годзе, мы б жылі добра і не адбылася б дэвальвацыя, пра што я не раз папярэджваў», — тлумачыць Цярэшчанка. Падчас папярэдняй выбарчай кампаніі ён запомніўся тым, што прапанаваў арыгінальную эканамічную рэформу — прыраўняць адзін беларускі рубель да аднаго даляра.

Цяпер у праграме такіх словаў няма, ідэя сфармуляваная па-іншаму: «Назапашванне ў краіне чужой валюты занадта дорага абыходзіцца для эканомікі». «Любая арганізацыя з такой дынамікай балансу [як Нацбанк — «НН»] — патэнцыйны банкрут, які патрабуе неадкладных мер для аздараўлення. У такіх умовах падтрыманне курса валюты аказваецца магчымым толькі за кошт стварэння найвастрэйшага дэфіцыту нацыянальных грошай», — мяркуе кандыдат.

Іншая праблема эканомікі, на яго думку, датычыць няправільнай падатковай сістэмы. Цярэшчанка прапануе браць падатак на даданую вартасць з атрыманага прыбытку, а не адразу з сыравіны.

Трэцую прычыну слабой эканомікі кандыдат бачыць у адсутнасці матывацыі работнікаў пры кантрактнай сістэме.

Цярэшчанка кажа, што ягоная мэта — стабілізацыя валюты і эканомікі. Эканаміст нязгодны, што адносіны з Расіяй мусяць быць прыярытэтнымі. Маўляў, трэба аднолькава сябраваць з іншымі краінамі, у тым ліку з Еўропай.

Цярэшчанка падкрэслівае, што ён ніякі не спарынг-партнёр Лукашэнкі, бо не можа ўжо знайсці сабе 5 гадоў працу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?