Толькі ў Мінскім гарадскім судзе скончыўся працэс над былымі супрацоўніцамі Міністэрства юстыцыі, якія за грошы прымалі экзамены ў юрыстаў, там жа пачаўся новы скандальны суд. Цяпер над афіцэрамі юстыцыі — былымі следчымі Цэнтральнага РАСК Мінска. Іх вінавацяць у атрыманні хабару 30 тысяч даляраў на дваіх.

Багатыя таксама плачуць

Галоўны сведка па гэтай справе — 69-гадовы бізнэсовец-мільянер Вячаслаў Пагосаў. Ён грамадзянін Расіі, мае бізнэс у Расіі і Іспаніі. А ў Мінску ў яго некалькі кватэр і маладая сужыцелька. Дакладней, раней была сужыцелька.

Тут жа, у Мінску, жыве і вучыцца яго дачка. На яе і аформлены ў сталіцы тры кватэры.

Гісторыя пачалася ў 2011 годзе.

«Я пражываў у катэджы, але часта выязджаў па працы за мяжу. У адзін з маіх ад’ездаў залезлі ў катэдж і вынеслі адтуль сейф», — расказаў на судзе свой выпадак бізнэсовец.

Ён жыў са сваёй сужыцелькай Вікторыяй. Тая то жыла з ім, то выязджала да маці. У той дзень яе таксама не было. Таму ключы пакінуў прыяцелю Анатолю, каб ён адамкнуў дом рыэлтарам. А той як прыехаў, убачыў, што сейфа няма. Выклікаў міліцыю. Праўда, слядоў узлому ў катэджы не выявілі. У сейфе ж было некалькі соцень тысяч даляраў, дарагі пярсцёнак, залатыя манеты.

Пагосаў западозрыў у злачынстве сваіх расійскіх прыяцеляў, якія гасцявалі ў яго доме. Завялі крымінальную справу. Але, як кажа Пагосаў, паколькі злачынцы знаходзяцца ў Расіі, туды і меліся адправіць дакументы па справе. «Мне неаднаразова казалі следчыя, што справу будуць адпраўляць у Расію. Але ўсё ніяк. І толькі месяц таму адправілі — пасля ўсіх гэтых падзей».

У сакавіку 2014 ён звярнуўся ў міліцыю з новай справай. З сейфа з мінскай кватэры зніклі 95 тысяч даляраў. Падазраваць ён пачаў сужыцельку Вікторыю. Кватэра была на сігналізацыі, ключ быў у жанчыны, а ўзлому не было. У дадатак, да гэтага неаднаразова лавіў жанчыну на крадзяжах. «Ведаў, што яна крала з сейфа. Але дараваў ёй».

Але дзве крымінальныя справы па заявах Пагосава падвіслі. Між іншым, ён прыгадаў на судзе, што ўклаў у адзін з інвестпраектаў у Беларусі 5 мільёнаў даляраў. Вярнуліся да яго толькі два. Справа была нячыстая, і ён спрабаваў праз суд атрымаць грошы. Марна. А яшчэ ён камусьці ў Беларусі пазычыў 600 тысяч даляраў. І таксама не змог вярнуць. Не дапамаглі і ў органах.

«Маючы вопыт, што справы спыняліся і я нічога не дамагаўся, я і ў гэты раз не меў пэўнасці, што нехта будзе аб’ектыўна разбірацца».

Знаёмы Пагосава, уласнік аднаго з мінскіх рэстаранаў Артур сказаў, што можа пазнаёміць яго з чалавекам, які дапаможа.

«Магу дапамагчы за $10 тысяч»

Так, па словах Пагосава, у красавіку 2014 пачалося знаёмства бізнэсоўца з намеснікам начальніка Цэнтральнага раённага аддзела Следчага камітэта Мінска Алегам Мельнікавым. Пагосаў прасіў паспрыяць у «аб’ектыўным расследаванні».

«Магу дапамагчы, але для гэтага тысяч 10 даляраў хопіць», — так перадае на судзе словы следчага Вячаслаў Пагосаў. «Сказаў, што разбярэ справу, а пасля мы сустрэнемся».

Праз два дні яны сустрэліся на кватэры ў расіяніна. Там і перадаў Мельнікаву, як сцвярджае, 10 тысяч даляраў. «Каб аб’ектыўна разабраліся, даказалі, што гэта мая маёмасць і вярнулі. І пакаралі вінаватых».

Пагосаў і Мельнікаў трымалі кантакт праз рэстаратара Артура. Следчы настойваў на канфідэнцыйнасці: ніякіх прамых тэлефанаванняў, нават калі бізнэсоўца пачалі выклікаць у СК па яго справах, стараліся пазбягаць размоў у кабінеце. Некалькі сустрэч было ў лесе за горадам, па дарозе на Заслаўе.

Са словаў Пагосава, на адну з сустрэч у рэстаран Мельнікаў прывёў свайго калегу Сяргея Кастыку, намесніка начальніка 1-га аддзялення Цэнтральнага РАСК. «Гэта для мяне было нечаканасцю. Мельнікаў паспяшаўся супакоіць: маўляў, гэта другі намеснік, які займаецца катэджам, будзе нам дапамагаць. У нейкі момант Мельнікаў адышоў, і Кастыка кажа: каб да канца давесці справу, патрэбны яшчэ 20 тысяч даляраў. Я сказаў, што ў мяне з сабой няма такіх грошай. «А дома ёсць?» — «Ёсць». — «Давай паедзем дамоў».

Са словаў Пагосава, на кватэры ён перадаў кожнаму са следчых па 10 тысяч даляраў. Але справы ўсё не зрушваліся з месца. Расследаванне вялося, толькі выніку не было. Следчыя валілі ўсё на свайго начальніка: маўляў, ён справу закрывае, не дае ім расследаваць. Як сведчаць дакументы, справа па крадзяжы ў 2014 некалькі разоў спынялася, а затым зноў заводзілася.

Пагосаў у выніку сам адшукаў тых, хто скраў яго сейф у 2011.

«Калі я ў Расіі знайшоў гэтых людзей, яны частку скрадзенага аддалі. Але знік дарагі пярсцёнак — коштам 500 тысяч даляраў. Яны распілоўвалі сейф у знаёмага. Знайшоў яго: спадзяваўся, што пярсцёнак там у тайніку застаўся. Але не. Гаспадар гаража забраў тысяч 40—45 еўра і залатыя манеты — 100 ці 200 штук. Усё вярнуў».

Пагосаву расказалі, што ключы ад катэджа ўзамен на каштоўнасці (пярсцёнкі з брыльянтамі, завушніцы нейкія) ім перадала Вікторыя.

«Для мяне гэта было шокам, — кажа мільянер. — Я з ёй 6 гадоў кантактаваў. Дапамагаў ва ўсім: плаціў за вучобу, плаціў за жыццё, за адзенне, грошы даваў…»

Бізнэсовец у выніку настойваў, каб Мельнікаў і Кастыка вярнулі грошы, паколькі яны завалілі расследаванне. Тыя не аддавалі, а «маўчалі, нічога не гаварылі».

У выніку ў кастрычніку 2014 расіянін звярнуўся ў КДБ і расказаў пра хабар. Яшчэ нейкі час следчых распрацоўвалі, а затым арыштавалі. Падрабязней пра тое, як вялася распрацоўка Мельнікава і Кастыкі, стане вядома пазней. Ім пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?