Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у студзені—маі гэтага года скараціўся на траціну ў вартасным выражэнні ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі. 

За студзень—май гэтага года Беларусь экспартавала 7,58 млн. тон нафтапрадуктаў на 3,16 млрд. долараў. У фізічным выражэнні экспартныя пастаўкі павялічыліся на 20,5%, у вартасным — скараціліся на траціну, ці на 1,56 млрд. долараў. 

У студзені—маі, паводле інфармацыі БелаПАН, Беларусь экспартавала 2,52 млн. дызельнага паліва. У фізічным выражэнні пастаўкі дызпаліва павялічыліся на 28,8%, у вартасным — скараціліся на 24,6%. 

Акрамя гэтага, у студзені—маі гэтага года Беларусь паставіла на знешнія рынкі 1,36 млн. тон аўтамабільнага бензіну. У фізічным выражэнні экспарт бензіну вырас на 3,7%, у вартасным — скараціўся на 31,6%. 

Паводле звестак беларускіх НПЗ, скарачэнне экспарту нафтапрадуктаў у вартасным выражэнні сёлета абумоўлена зніжэннем сусветных цэн на нафту. 

Па гэтай прычыне сёлета таксама скараціўся і вартасны аб'ём экспарту беларускай нафты, якую краіна здабывае на сваёй тэрыторыі і пастаўляе на знешнія рынкі. 

Так, за студзень—май Беларусь экспартавала 672,6 млн. тон нафты. У фізічным выражэнні экспарт нафты скараціўся на 0,2%, у вартасным — на 48,5%. 

Беларускія ўлады мяркуюць, што ў найбліжэйшыя гады сусветныя цэны на нафту пачнуць расці. Паводле інфармацыі БелаПАН, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, які рыхтуюць беларускія ўлады, прадугледжвае два варыянты развіцця падзей.

Пры спрыяльным сцэнарыі чакаецца, што ў 2016 годзе сусветная цана бараля нафты складзе 70 долараў, у 2017-м — 75 долараў, у 2018-м — 80 долараў. Неспрыяльны сцэнарый прадугледжвае павольнае аднаўленне сусветных цэн на нафту — да 57 долараў у 2016 годзе, 61 долара ў 2017-м і 65 долараў у 2018-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?