У Беларусі разглядаецца магчымасць прыцягнення да крымінальнай адказнасці за страту бухгалтарскай дакументацыі, паведаміў 22 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску дырэктар дэпартамента фінансавых расследаванняў, намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Ігар Маршалаў. 

«Над гэтым пытаннем праводзіцца работа, і яна знаходзіцца ў апошняй стадыі, на стадыі ўзгаднення. Ёсць ужо праекты па ўнясенні змяненняў у Крымінальны кодэкс, распрацаваны адпаведны артыкул», — паведаміў Маршалаў. 

На яго думку, «гэта вельмі сур'ёзная праблема». «Страта бухгалтарскіх дакументаў мае вялікае значэнне пры ўстанаўленні фактаў так званага крымінальнага банкруцтва. Мы сутыкаемся з тым, што цяжка ўстанавіць факты наўмыснага банкруцтва, калі страчаны дакументы. Там ёсць пэўная працэдура падліку. Было атрымана адпаведнае ўказанне на распрацоўку адпаведных дакументаў, і іх праекты ўзгадняюцца», — сказаў кіраўнік дэпартамента. 

Аб тым, што такая мера неабходная, заявіў у ходзе прэс-канферэнцыі і дырэктар дэпартамента фінансавага маніторынгу КДК Вячаслаў Рэут.

«Мы ўсю ўваходзячую інфармацыю аб фінансавых аперацыях захоўваем у сябе ў электронным выглядзе. А гэта кожны дзень каля 500 тыс. паведамленняў, і мы за іх нясем адказнасць. Калі будуць ажыццяўляцца нейкія дзеянні, а дакументы знікаць, хто будзе несці адказнасць? Мы ўжо сёння бачым, што тэрміны дзейнасці лжэпрадпрымальніцкіх структур падлічваюцца не годам-паўтара, а некалькімі месяцамі. Правялі некалькі здзелак, дакументы знішчылі. Я падтрымліваю прапанову аб адказнасці за свядомае скажэнне справаздачнасці і страту дакументаў», — сказаў Рэут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?