Барысаўскі БАТЭ правёў матч у адказ другога кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў.

Тыдзень таму ў Беларусі БАТЭ не змог забяспечыць сабе камфортную перавагу перад выездам у Ірландыю да «Дандалка» - 2:1. Гэта значыць, што ўсяго адзін мяч супернікаў выводзіў бы іх у наступны раўнд. Нешта падобнае ўжо здаралася пару гадоў таму ў супрацьстаянні з македонскім «Вардарам». Тады дома БАТЭ перамог 3:2. А ў гасцях адстаяў нулявую нічыю.

Пікантнасці гульні БАТЭ ў Ірландыі дадаваў той факт, што гульня праходзіла на стадыёне са штучным пакрыццём. А гэта ўжо зусім іншая песня, іншыя хуткасці, іншыя адскокі мяча. Ясна, што «Дандалк» у такіх умовах пачуваецца больш камфортна, гульцам каманды ўжо вядомая кожная купіна на полі.

Што тычыцца складаў каманд, то трэнер барысаўцаў Аляксандр Ермаковіч зрабіў адну-адзіную замену, калі параўноўваць з першым матчам. Замест Яўгена Яблонскага, які дапусціў памылку ў адзіным прапушчаным мячы нашай каманды, у старце з'явіўся Ілля Алексіевіч. Па-ранейшаму ў цэнтры абароны гуляў латыш Каспарс Дубра, які замяняў траўмаванага Дзяніса Палякова.

Варта адзначыць, што гэтым разам «Дандалк» не здзіўляў БАТЭ сваім напорам, як гэта было ў Барысаве. Беларускі клуб усё ж часцей валодаў мячом, ствараў моманты. Асабліва ў першыя хвіліны вылучаўся капітан БАТЭ Віталь Радзівонаў, якога амніставала УЕФА за сутычку ў матчы тыднёвай даўніны. Радзівонаў пачаў матч супербадзёра, біў з самых розных пазіцый, але ўвесь час бракавала дакладнасці.

Зрэшты, адзіны свой момант ірландцы ўсё ж займелі. І зноў здарылася гэта пасля дурной абрэзкі нашай абароны. Нападаючы Макмілан меў амаль булітны выхад, але слава Чэрніку, які ў адказны момант не дзёрнуўся.

Зрэшты, было чаму засмуціцца ў першым тайме і барысаўцам. Ужо напрыканцы стартавай саракапяціхвілінкі Ігар Стасевіч не рэалізаваў цудоўны шанец. Мяч пасля яго ўдару сустрэўся з бэлькай.

Малюнак гульні ў другой палове асабліва не змяніўся. Беларускі чэмпіён атакаваў, ірландскі абараняўся. Хто толькі ў складзе БАТЭ ні біў па варотах, але, як нейкае пракляцце, мяч упарта не залятаў у вароты.

Матч атрымліваўся надзвычай нервовым. Уявіце, што любая памылка ў такой сітуацыі магла стаць ракавой. А «Дандалк» яшчэ гналі наперад шматлікія заўзятары. Вытрымалі. У найцяжэйшым матчы галоў забіта так і не было - 0:0.

БАТЭ працягвае сваю дарогу ў Лізе чэмпіёнаў. Супернік нашага клуба будзе венгерскіі «Відэатон», які ў дадатковы час зламаў супраціў валійскага ТНС (1:1).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?