Фота: Sergey Kamshylin via LiveScience.com

Фота: Sergey Kamshylin via LiveScience.com

Грыбы і ягады назапашваюць у сабе ў небяспечных дозах цэзій-137 і іншыя шкодныя рэчывы, калі растуць на тэрыторыях, што падвергліся радыеактыўнаму забруджанню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Іх рэкамендуецца збіраць толькі ў тых лясах, дзе забруджанне глебы цэзіям-137 не перавышае 2 Кі/км². Але нават з такіх лясоў грыбы і ягады варта праверыць на радыяцыю.

Правяраць грыбы і ягады на радыяцыю варта ў дзяржаўных установах: акрэдытаваных падраздзяленнях радыяцыйнага кантролю. Аналіз у іх правядуць бясплатна, калі вы збіраеце грыбы і ягады не для продажу.

«Калі чалавек знаходзіцца на забруджанай тэрыторыі і «пад знакам» збірае грыбы-ягады, яму абавязкова трэба іх праверыць, — пераконвае вядучы спецыяліст «Беллесаабароны» Ларыса Карбановіч. — Службы радыяцыйнага кантролю ёсць у сістэмах Мінлесгасу, Мінсельгаспраду, Мінздароўя, Дзяржстандарту».

Дары лесу, сабраныя «для сябе», а не для рэалізацыі вялікімі партыямі, варта правяраць у абласных і раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі (спасылкі на сайты абласных ёсць тут). У лясгасах, на тэрыторыях якіх ёсць радыеактыўнае забруджанне, маюцца свае пункты радыяцыйнага кантролю (іх адрасы можна знайсці тут). Не адмовяць у аналізе і ў лабараторыях на рынках (напрыклад, лабараторыя на мінскай «Камароўцы» тут).

Радыеметрычныя прыборы мераюць забруджанне ў аб’ёмах ад 100 мілілітраў, перад замерамі ягады і грыбы ачышчаюцца ад лісця, зямлі і іншых пабочных рэчываў, прамываюцца ў праточнай вадзе.

«Нядрэнна было бы, калі б вы запомнілі, дзе збіралі ягады і грыбы, якое лясніцтва, які нумар кварталу», — удакладняе Карбановіч. Хаця забруджанне тэрыторый кантралюецца і правяраецца дзяржавай, інфармацыя ад насельніцтва не будзе лішняй.

Што цікава, нават калі ў вашых грыбах ці ягадах знайшлі перавышэнне ўтрымання цэзію-137 (для грыбоў – 370 Бк/кг, для ягад – 185 Бк/кг), у вас іх не канфіскуюць: кантрольныя службы маюць права толькі настойліва параіць вам не ўжываць іх, калі вы не нясеце іх на продаж. Тым часам прадукцыю для, напрыклад, рэалізацыі на рынку ў выпадку перавышэння нормаў маюць канфіскаваць.

Праверыць можна не толькі прадукты, сабраныя ўласнымі рукамі, але і набытыя на рынку. Але прадаўцы на рынку абавязаныя самі прадстаўляць прадукты на аналіз перад продажам, а пакупнікам паказваць пры патрабаванні сертыфікат з лабараторыі. «Брудную» прадукцыю рынкі абавязаныя не дапускаць да продажу, утылізаваць яе.

«Калі вы купляеце прадукцыю ў прадаўцоў на рынку, у іх ёсць заключэнні лабараторый, дзе будзе напісанае ўтрыманне цэзію, — кажа спецыяліст. — Калі не пацікавіліся сертыфікатам, можаце несці прадукты на аналіз, але грошы за іх, калі што, вам ніхто не верне. Вы самі не праверылі сертыфікат, самі ўзялі на сябе рызыку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?