Падрыхтоўка праекта Канстытуцыйнага акта Саюзнай дзяржавы ідзе ў звычайным рабочым рэжыме. Гэты дакумент у прынцыпе гатовы для разгляду на Вышэйшым Дзяржсавеце, заявіў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Вадзім Папоў.

«Мяркую, што пасля выбараў, якія пройдуць у Расіі, і інаўгурацыі прэзідэнта, з’явіцца магчымасць абмеркаваць напрацаваны праект дакумента ў ВДС», — дадаў спікер.

Калі члены Вышэйшага Дзяржсавета зробяць нейкія заўвагі, то камісія па распрацоўцы Канстытуцыйнага акта гатова аператыўна ўнесці неабходныя папраўкі. Для гэтага яна мае кваліфікаваных экспертаў, лічыць беларускі палітык. У выпадку, калі ВДС адобрыць дакумент, то ў Беларусі і Расіі адначасова павінен будзе прайсці рэферэндум — сваю пазіцыю выкажа народ.

Вадзім Папоў падкрэсліў, што Канстытуцыйны акт — гэта сур’ёзны дакумент з 68 глаў. Ён заснаваны на дзеючым саюзным дагаворы, у якім галоўнымі органамі кіравання з’яўляюцца Вышэйшы Дзяржсавет, Саюзны ўрад і парламент. Субяседнік дадаў, што «калі ВДС на гэтым этапе палічыць неабходным прапрацаваць і варыянт прэзідэнцкага кіравання, то камісія гатова яго разгледзець». «Але пакуль што дактрына адна — кіравацца саюзным дагаворам. Таму што, калі адступаць ад яго, то тады трэба вельмі хутка прымаць новыя рашэнні, праводзіць рэферэндум і прапісваць, што дагавор дзейнічае толькі ў тых рамках, якія не супярэчаць Канстытуцыйнаму акту», — сказаў Вадзім Папоў.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0