Міністэрствы фінансаў Расіі і Беларусі 24 ліпеня ў Маскве падпісалі міжурадавае пагадненне аб выдзяленні Рэспубліцы Беларусь 760 млн даляраў дзяржаўнага крэдыту.

«Пагадненнем прадугледжанае выдзяленне фінансавых рэсурсаў у расійскіх рублях на суму 760 млн даляраў ЗША, тэрмін 10 гадоў, уключаючы 4-гадовы ільготны перыяд. Паступленне сродкаў крэдыту ў рэспубліканскі бюджэт чакаецца ў бліжэйшыя дні», — паведамілі ў прэс-службе беларускага Мінфіна.

Нагадаем, сума гэтага крэдыту даецца ў расійскіх рублях па курсе Цэнтрабанка Расіі на дату падпісання пагаднення для пагашэння і абслугоўвання ў бягучым годзе дзярждоўгу Беларусі перад РФ і Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця. Улік запазычанасці па крэдыце вядзецца ў далярах ЗША. Беларусь выплачвае крэдыт 13 роўнымі паўгадавымі долямі 15 лютага і 15 жніўня кожнага года, прычым першы плацёж будзе здзейснены 15 лютага 2019 года, апошні — 15 лютага 2025 года.

Беларускі бок выплачвае расійскаму боку за карыстанне крэдытам працэнты па стаўцы LIBOR для шасцімесячных дэпазітаў у далярах ЗША, павялічанай на маржу. Памер маржы фіксуецца ў працоўны дзень, які папярэднічае дню падпісання пагаднення, і вызначаецца як розніца паміж прыбытковасцю расійскіх еўрааблігацый з пагашэннем праз сем гадоў і стаўкай сямігадовага адсоткавага свопу ў доларах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?