Жанр: драма, меладрама, дэтэктыў
Рэжысёр: Джэйк Шрэер
У ролях: Нэт Вулф, Кара Дэлевінь, Осцін Абрамс, Джасціс Сміт, Холстан Сэйдж, Жасмін Сабіна, Кала Буона, Джозіа Серыа
ЗША, 109 хв.
Адзнака: 7

Квенцін Джэйкабсан жыве па суседстве з Марго Рот Шпігельман, сяброўкай дзяцінства, з якой яны цяпер мала стасуюцца, але ён усё роўна захоўвае да яе рамантычныя пачуцці.

Аднойчы ноччу яна прапануе яму ўзяць удзел у помсце яе былому бойфрэнду, і К'ю пагаджаецца. На наступны дзень Марго не з'яўляецца ў школе, і праз некалькі дзён становіцца ясна, што яна знікла.

К'ю разумее, што яна пакінула яму пасланні, якія ён павінен разгадаць, каб знайсці дзяўчыну.

Стужка знятая па аднайменнай кнізе папулярнага амерыканскага пісьменніка Джона Грына. Летась выйшаў фільм па яго кнізе «Вінаватыя зоркі», над новай экранізацыяй працавала тая ж каманда. Галоўную ролю выканаў амерыканец Нэт Вулф, які з'явіўся ў ролі другога плана ў папярэдняй экранізацыі. Таксама Нэт паўдзельнічаў у стварэнні саўндтрэка для стужкі.

Роля Марго дасталася брытанскай мадэлі і акцёрцы Кары Дэлевінь. «Калі я працую над роллю, я прыдумляю гісторыю персанажа. Хто яна і адкуль, што ёй падабаецца, чым яна займаецца, пра што думае, якім магло б быць яе дзяцінства. Усё, чаго няма ў кнізе, ёсць у маім уяўленні. Я ствараю бібліятэку гісторый, якія маглі б здарыцца з Марго і яе асяроддзем, каб выкарыстоўваць адчуванні ад гэтых гісторый, набыты ў іх досвед, калі ён патрабуецца ў кантэксце сцэны», — расказала Кара пра сваю працу.

Хоць падзеі кнігі адбываюцца ў Арланда (штат Фларыда), з-за заніжаных падаткаў здымкі праходзілі ў некалькіх мястэчках Паўночнай Караліны. Некаторыя падзеі кнігі змененыя дзеля кінематаграфічнасці, але сутнасць твора пакінутая нязменнай.

«Папяровыя гарады» — кропкі, якія існуюць толькі на мапах, іх ставілі картографы для абароны аўтарскіх правоў.

Марго не хоча мірыцца з сумнай паўсядзённасцю і спланаванай будучыняй, не хоча быць несапраўднай папяровай дзяўчынкай і адпраўляецца ў падарожжа, каб знайсці свой асабісты шлях да сапраўднага жыцця і шчасця.

Некаторыя нюансы кнігі згубленыя, але стужка захавала пазітыўны настрой і мяккасць, з якімі аўтар апавядае пра няпросты час у жыцці кожнага чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?