Прэс‑служба мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча распаўсюдзіла наступную заяву:
«У аўторак 26 лютага 2008 г. адбылася прэс‑канферэнцыя з удзелам арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска‑Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, прысвечаная тэлемосту Мінск‑Ватыкан, запланаванаму на 1 сакавіка.
Аднак некаторыя сродкі масавай інфармацыі падалі сваю трактоўку сказанага Мітрапалітам. ...
У сувязі з гэтым падаём стэнаграму пытання карэспандэнта і адказу арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.
Карэспандэнт: — Хацелася б задаць пытанне, звязанае з трагічнымі падзеямі нашай краіны, якія зараз адбываюцца ў сувязі з пахаваннем Ірыны Казулінай. Нам вядома, (што) труна з яе целам знаходзіцца ў касцёле святых Сымона і Алены, і нам бы хацелася ведаць, хто будзе праводзіць яе ў апошні шлях, хто будзе адпяваць яе. Вялікі дзякуй.
ТК: — Наколькі я ведаю, яна была веруючым чалавекам, каталічкаю. Да ксяндза пробашча (кс. Уладзіслава Завальнюка — рэд.) звярнуліся, каб можна было паставіць труну ў касцёле, і каб там людзі маглі памаліцца. Гэта ўсё, што я на сённяшнюю хвіліну ведаю, бо не зусім ясна было, калі будзе яе пахаванне. Я сёння ў Інтэрнэце прачытаў, што нехта да мяне звярнуўся, каб я звярнуўся да Прэзідэнта. Я ніякага ліста не атрымаў, але я вельмі падтрымліваю і вельмі задаволены тым, што асобы, адказныя за тое, каб Казулін мог прыехаць на пахаванне сваёй жонкі (паспрыялі, каб) гэта адбылося. Гэта вельмі гуманна, гэта вельмі добра.
* * *
Асабліва адзначаем, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нічога не казаў пра свой удзел у жалобных абрадах па спачылай, а таксама ніякім чынам не «ініцыяваў» правядзення гэтых абрадаў у тым ці іншым каталіцкім касцёле ...».
Разумеючы ўсю далікатнасьць сытуацыі, NN.by прыносіць прабачэньне за блытаніну ў перадачы словаў арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска‑Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.