Шмат сказана пра тое, што ў зьвязку са сьмерцю Ірыны Казулінай улада дзейнічала не па-людзку, амаральна. Але калі вынесьці за дужкі этычныя моманты, даводзіцца канстатаваць, што нават у сэнсе палітычнага прагматызму, які заўжды быў каньком Лукашэнкі, гэтым разам быў абраны самы няўдалы, недарэчны варыянт.

Быў варыянт увогуле вызваліць Казуліна. Сьмерць ягонай жонкі давала ўладзе магчымасьць захаваць твар — у ейным разуменьні. Маўляў, ніякаму заходняму ціску не паддаліся, а проста ўлічылі выключныя асабістыя абставіны. І перад электаратам слабіны ня выявілі, і ў вачох Эўропы балаў набралі.

Быў рэдукаваны варыянт: адразу дазволіць Казуліну так званы кароткатэрміновы выезд у Менск. Ва ўсякім разе, не было б такога шквалу грамадзкага абурэньня, не запахла б новым скандалам міжнароднага маштабу. Народ бы разважыў: ну, хоць нейкае каліва людзкасьці "там" яшчэ засталося!

Але, як мы ведаем, рэалізаваўся самы бяздарны сцэнар. Казуліна адпусьцілі на трое сутак (дарэчы, закон дазваляе да сямі без уліку дарогі) толькі пасьля таго, як палітвязень і ягоныя дочкі вырашылі трымаць галадоўку. Тады, калі акцыі салідарнасьці сталі набываць пагрозьлівы маштаб (а разганяць жалобныя мерапрыемствы — гэта ўжо, бадай, занадта нават для айчынных дзеячаў). І калі Захад, зь якім так пакутліва нешта выбудоўвалі апошнім часам, зноў натапырыўся, як у найгоршыя часы.

Цяпер усім відавочна: спачатку кіроўная вярхоўка баялася выпускаць Казуліна, а потым яшчэ мацней збаялася рэзанансу гэтай гісторыі ўнутры краіны ды таго, што лясьнецца ўвесь "прагматычны дыялёг" з Эўропай. Улада села ў галёш, капітальна падмачыла сваю рэпутацыю нават сярод апалітычнага электарату і ўвогуле нарабіла сабе самой багата шкоды ва ўсіх сэнсах.

Такое ўражаньне, што наверсе развучыліся пралічваць сытуацыю хаця б на пару хадоў. Відавочна і тое, што на кіраўніцтва дзяржавы разбуральна дзейнічае адсутнасьць зваротнай сувязі. Мала таго, што перастаюць працаваць маральныя тармазы, дык яшчэ і страчваецца палітычны нюх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?