Паводле грамадcка-палітычных поглядаў людзі дзеляцца на тры катэгорыі.

Першая — большасць. Адны з іх без лішняй сарамлівасці так і заяўляюць свету — «я з большасцю», «я як усе», «усе так думаюць» і гэтак далей. Іншыя прадстаўнікі гэтай катэгорыі, наадварот, любяць даказваць, што яны маюць выключна свае думкі,— якія аднак, цалкам выпадкова дзіўным чынам на сто працэнтаў супадаюць з меркаваннем большасці ў дадзенай краіне, супольнасці, тэрыторыі, у дадзены канкрэтны гістарычны час. Калі пад уплывам нейкіх тэндэнцыяў ці рэвалюцыйных падзеяў сітуацыя мяняецца – прадстаўнікі нашай катэгорыі мяняюцца ўслед за рэаліямі (звычайна з невялікім спазненнем).

Другая катэгорыя – гэта антыбольшасць. Гэта людзі, якія зразумелі, што каштоўнасці большасці — гэта адстой, і таму яны ва ўсім ім супярэчаць. Яны проста мяняюць плюс на мінус, і такім чынам фармуюць свае погляды. Усё тое, што добра для большасці – для іх кепска, свабоды выбару тут таксама няма, бо выбар робіцца за іх. Калі іхнія погляды раптам перамагаюць і становяцца здабыткам большасці, то нярэдка яны становяцца ў апазіцыю да сваіх жа поглядаў, бо — «невыносна ж быць згодным з тупой большасцю».

І ёсць трэцяя катэгорыя людзей — якія заўсёды робяць высновы самі. Яны разумеюць, што няма вечных і неабвержных ісцін, што не бывае апрыёры правільных рашэнняў. Што немагчыма проста прыкласці да жыцця самыя найлепшыя і высокія ідэі, бо кожная канкрэтная сітуацыя патрабуе асобнага асэнсавання і асобнага падыходу. Што самыя правільныя і святыя ісціны могуць не працаваць у канкрэтнай краіне ці гістарычнай сітуацыі. Што часам далёка не толькі самы прамы шлях вядзе да перамогі. Што жыццё поўнае парадоксаў — часам варта часова абмежаваць свабоды, каб дабіцца большай свабоды. Што часам, каб дапамагчы чалавеку ці краіне — яму не трэба дапамагаць. А самыя добрыя намеры толькі пагаршаюць становішча.

Для першай і другой катэгорыі, якія жывуць лозунгамі і вечнымі ісцінамі — гэта занадта складана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?