Храм Усіх сьвятых, будаўніцтва якога было пачатае ў 2006 годзе на вуліцы Каліноўскага, верагодней за ўсё, «прапішуць» па іншым юрыдычным адрасе. Прычынай гэтаму, паводле зьвестак «Салідарнасьці», ёсьць незадаволенасьць маскоўскіх спонсараў будаўніцтва.

У 2005 годзе прэм’ер‑міністар Сяргей Сідорскі зацьвердзіў праект «Храм‑помнік у гонар усіх сьвятых і ў памяць бязьвінна забітых у Айчыне нашай па вуліцы Каліноўскага ў г. Менску». Восеньню 2006 году на тую самую вуліцу для ўдзелу ў цырымоніі асьвячэньня званоў гэтага храму прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. А ў канцы 2007 году безназоўная вуліца, якія скрыжоўваецца з вуліцай Каліноўскага і злучае кальцавую дарогу з месцам будаўніцтва храму атрымала назву Ўсіхсьвяцкая.

Паводле інфармацыі зь неафіцыйных крыніц, гэта было зроблена для таго, каб не даваць храму юрыдычны адрас на вуліцы Каліноўскага.

— Пакуль лічыцца, што храм узводзіцца на вуліцы Каліноўскага. Але хутка гарадзкія ўлады будуць зацьвярджаць ягоны юрыдычны адрас, і гэта, верагодней за ўсё, будзе вуліца Ўсіхсьвяцкая, — сказалі «Салідарнасьці» па тэлефоне храму «Ў гонар сьвятой Троіцы», разьмешчанага ў некалькіх мэтрах ад будоўлі.


Пагаджаецца з гэтай прапановай і прадстаўнік генпадрадчыка — галоўны інжынэр ЗАТ «Трэст «Прамбуд» Уладзімер Мікалайчык.

— Вуліцу назвалі Ўсіхсьвяцкай спэцыяльна «пад храм». Па сутнасьці, апроч яго і станцыі тэхабслугоўваньня на ёй нічога няма, — разважае ён.

Чаму ж усё‑такі ўзьнікла праблема з «прапіскай» на вуліцы Каліноўскага? Паводле зьвестак «Салідарнасьці», прычынай гэтаму стала пазыцыя маскоўскіх фундатараў. Даведаўшыся, што храм знаходзіцца на вуліцы, названай у гонар чалавека, які ўзначальваў антырасейскае паўстаньне, масквічы запатрабавалі… перайменаваць яе. Потым разглядаўся варыянт, каб вуліцу Каліноўскага «распалавініць» і перайменаваць толькі тую ейную частку, дзе месьціцца храм.

На шчасьце, нічога падобнага ня сталася. Варыянт з Усіхсьвяцкай, выглядае, задаволіў усіх, і туман, які ўжо згусьціўся быў над прышласьцю вуліцы Каліноўскага, расьсеяўся.

Нагадаем, будаўніцтва храму‑помніку пачалося ўлетку 2006 году й мусіць скончыцца ў сьнежні 2008 году. Самы вялікі звон вагою ў пяць тонаў быў адліты ад імя прэзыдэнта Беларусі. Яшчэ два званы былі ўзьнятыя на званіцу ад імя патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ і мітрапаліта менскага і слуцкага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

У часе цырымоніі асьвячэньня званоў было аб’яўлена, што храм Усіх сьвятых, вышыня якога будзе сягаць 72 мэтраў, узводзіцца пад патранажам Аляксандра Лукашэнкі й Алексія ІІ.

Паводле «Салідарнасьці»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0