Гэты праект узгадняўся з галоўным архітэктарам Масквы, Аляксандрам Кузьміным, пачас ягонага прыезду ў Менск на мінулым тыдні. Ён прапаноўваў збудаваць на беразе Драздоў буйны жыльлёва‑дзелавы цэнтар на 300 тыс. кв. м. Дарэчы, разам з Кузьміным гасьцяваў і ягоны намесьнік Юры Грыгор’еў, колішні галоўны архітэктар Менску, пры якім разбурэньне традыцыйнага урбаністычнага асяродку ў беларускай сталіцы дасягнула апагею.

Сярод новых праектаў маскоўскіх гасьцей — будаўніцтва таго велізарнага комплексу паміж мікрараёнам Лябяжы і вадасховішчам Дразды. Аўтары ідэі прапануюць забудаваць гэтую тэрыторыю, уключна з ахоўнай зонаю вадасховішча аб’ектамі рознае павярховасьці, уключна з 40‑этажнымі гмахамі. Чынавества з Менгарвыканкаму і Камітэту архітэктуры пакуль ня згодныя на гэты праект. Але, тым ня меней, гэтая прапанова ўлучаная ў пакет дакумэнтаў, што накіраваны ва ўрад, дзеля наступнага зацьвержаньня Лукашэнкам.

Маскоўскія будаўнікі хочуць будаваць па‑маскоўску шырака й вальяжна.

Нагадаем, што прэм’ер Сідорскі і маскоўскі мэр Лужкоў у 2006 годзе падпісалі пратакол, паводле якога плянуецца пабудова на Старажоўцы Дома Масквы, гандлёва‑забаўляльнага цэнтру «Москва» (побач з бізнэс‑центрам «XXI век») і жыльлёвага комплексу ў раёне праспекта Дзяржынскага. Праектыня расейскія прапановы ўжо прадстаўленыя. Толькі няясна дзе і каму. Думка грамадзтва ў такіх выпадках ігнаруецца цалкам.

Відавочна, апетыт прыходзіць падчас ядзеньня. Цяпер пагроза навісла над славутым урочышчам Дразды. Менавіта тут быў створаны першы канцэнтрацыйны лягер гітлераўцаў, дзе з 1941 па 1944 год былі закатаваныя дзясяткі тысячаў людзей.

Ну а ў сьвеце навукі ведама, што на беразе вадасховішча Дразды, выяўлена самае старажытнае тутэйшае гарадзішча Банцараўшчына, што ўзьнікла тут яшчэ за 3 стагодзьдзі да нашае эры. Ад пазьнейшага насельніцтва гэтага гарадзішча, 6—8 стагодзьдзяў нашае эры, атрымала назву цэлая археалягічная Банцараўская культура.

Цяпер пад пагрозаю апынулася ня толькі прыроднае навкольле, але й унікальныя помнікі нашае стражытнай і найноўшай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?