Калі сатрэм сваім цынізмам і інтэлектуальным выпяндрожам, лінію маральнага супрацьстаяньня, лінію паміж дабром і злом, будзем несьці адказнасьць за апраўданьне любога зла і любога гвалту ў нашай краіне.

Сёньня ўжо зразумела, што вызваленьне Аляксандра Казуліна на пахаваньне не было б магчымым без бескампраміснай пазыцыі сям’і Казуліных і без безумоўнай падтрымкі яе той часткай незалежнага грамадзтва і сусьветнай супольнасьці, якая праявіла зь ёй салідарнасьць.

Казуліны атрымалі маленькую перамогу, за якую была заплачана страшэнная цана. Але гэта перамога ня толькі для іх, але і для ўсёй Беларусі. Паказана, што гвалтоўная сіла рэпрэсіўнага мэханізму пасуе перад выразна акрэсьленым і пасьлядоўным маральным супрацівам нават у беларускіх рэаліях. Гэта — перамога беларускага духу, ня поўная, але прынцыповая.

Менавіта гэтай перамогі і гэтай акалічнасьці спужаліся. Прычым ня толькі ва ўладзе. Частка незалежнага грамадзтва, мяркуючы па благасфэры ў нядзелю і ў панядзелак, наклала ў штаны ад самой думкі, што барыкада маральнага супраціву насамрэч паўстала, што кожнаму прыйдзецца выбіраць свой бок, і, што нават горш, спроба пазьбегнуць выбару акрэсьлівае тваю пазыцыю па вызначэньні.

Рука не падымаецца перапісваць усё, што было выліта на Казуліных у благасфэры за гэтыя дні.

Нехта пачаў узгадваць былыя палітычныя грашкі спадара Казуліна, забыўшыся, хто ў той момант ляжаў у труне.

Нехта хуценька забыўся, што прысутнасьць спадара Казуліна на пахаваньні была воляй Ірыны Іванаўны. Вольга і Юля, разам з палітычнымі паплечнікамі Казуліна, не «зараблялі ачкі», а проста выконвалі волю маці.

Нехта не ўзгадаў, хто зрабіў з Казуліна палітычнага вязьня.

Нехта не захацеў дадумацца да простай рэчы, што любое рашэньне ўладаў, якое грунтуецца на чымсьці, акрамя закону (паводле якога Казулін мусіў быць выпушчаны ўжо ў нядзелю) — гэта палітычнае рашэньне, і калі «палітызацыя» ў гэтай справе аднекуль і йшла, дык гэта з боку тых, хто прымаў такое рашэньне.

Нехта так баіцца слова «палітыка» (якое зь дзяцінства падаецца толькі ў словаспалучэньні «брудная»), што ня можа бачыць бруду ў тым, што падштурхнула Казуліных на палітычную барацьбу.

Нехта так заўзята апэляваў да «хрысьціянскіх каштоўнасьцяў» (маўляў, далі пінка па адной ягадзіцы, падстаўляй іншую), што забыўся пра тое, што сям’ю Казуліных маральна падтрымаў Каталіцкі касьцёл.

Шмат хто папракае Казуліна тым, што ён спэкулюе сьмерцю жонкі дзеля сваіх палітычных амбіцыяў, забыўшыся, што ў яго палітычнай барацьбе Ірына Іванаўна была заўжды поплеч.

Калі б Казуліны не дамагліся свайго, то такое абыходжаньне з памерлымі стала бы нормай у беларускай дзяржаве, зь якой маўкліва б пагадзілася грамадзтва. На зэкаўскім слэнгу гэта завецца «ссучваньне». Тое, што гэтага не адбылося, прасунула Беларусь на маленькі крок да чалавечнасьці і цывілізаванасьці.

І зусім мала хто ўзгадаў, што сям’я Казуліных — гэта найперш беларуская сям’я, за якую мы супольна нясем адказнасьць, як за любога з нашых суродзічаў, незалежна ад таго, хто за каго галасаваў у 2006 годзе. Хто ўзгадаў — той выйшаў у панядзелак на Плошчу і прыходзіў ва аўторак да касьцёлу. Але такіх было ня так і шмат. Нацыя грунтуецца, сталее менавіта тады, калі мы навучымся быць побач з тымі, каго зусім ня ведаеш, і нават з тымі, хто табе неяк быў зусім не сымпатычны. Відаць, нам яшчэ здаваць і здаваць гэты, такі, здавалася б, няцяжкі іспыт.

Калі б за некалькі дзён да сьмерці спадарыня Ірына сама не засьведчыла пра тое, які варыянт вызваленьня рэжым прапанаваў Казуліну, я ўпэўнены, што гэтыя ж галасы сёньня вінавацілі б Аляксандра, Вольгу і Юлю ў яе забойстве.

Усе аргумэнты пад агульнай шыльдай «чума на абодва вашы дамы» — гэта насамрэч неад’емная частка беларускай палітычнай культуры, і можа хтосьці скажа — традыцыйнага беларускага патрыярхальнага мэнталітэту, не пазбыўшыся якога, мы ніколі ня будзем нацыяй грамадзянаў. Калі нехта кідае адкрыты выклік уладзе — заўжды шукаецца патаемная прыватная выгада і сакрэтны рахунак дзе‑небудзь на экзатычных выспах. Калі малады чалавек вядзе сабе як сапраўдны герой — ім мусіць маніпуляваць хтосьці, хто шукае патаемную выгаду. Калі людзі не ламаюцца і не згаджаюцца з афіцыйным гвалтам ні на якіх умовах — яны «лезуць у брудную палітыку». Калі патрыёты ідуць на крайнія крокі, дэманструюць сваю гатоўнасьць пакласьці за справу ня толькі свабоду, ня толькі здароўе, але часам і жыцьцё ‑‑ на іх паплечнікаў нясуцца праклёны за тое, што «давялі» да магілы.

Такі маральны рэлятывізм беларускага грамадзтва цалкам вытлумачальны. Унікненьне, ігнараваньне, адмаўленьне маральнага падзелу, маральнай бездані — гэта спосаб выпісаць сабе індульгенцыю, спосаб апраўданьня ўласнай баязьлівасьці, абыякавасьці, беспрынцыпнасьці. Так проста лягчэй жыць — калі няма дабра і зла, то няма і абавязкаў, няма таго, што прымушае браць на сабе адказнасьць, прымаць рашэньні, вырывацца з утульнай будзённасьці, ісьці на рызыку, псаваць свае адносіны з сыстэмай. Таму галоўным злодзеем мусіць быць той, хто ідзе на абардаж, або, па‑простанароднаму, «гоніць хвалю». Для іншых іх пазыцыя ‑‑ гэта спосаб засьведчыць сыстэме ўласную неканфліктнасьць. Бо, як казала Ганна Арэндт, ідэальны чалавек для таталітарнага грамадзтва — гэта не камуніст і не фашыст. Гэта той, для каго не існуе розьніцы між дабром і злом, праўдай і хлусьнёй, белым і чорным. Мяркуючы па благасфэры, маладое пакаленьне збольшага ўспрыняла гэтае падставовае правіла гульні з дзяржавай і вызубрыла яго нашмат лепш, чым апошнюю сэсію.

Зрэшты, судзіць нікога не хачу — акрамя тых, хто сам судзіць па прынцыпах падвойнай маралі. Можна дараваць і зразумець тых, хто ня хоча і ня можа ісьці на барыкады. Урэшце, такіх, як Казуліны, у нас адзінкі. Нельга дараваць сьлепаты, адмаўленьня таго, што гэтыя барыкады існуюць. Таму што акурат гэта апраўдвае любы гвалт. Нельга дараваць гэтай нялюдзкай беспрынцыповасьці, якая ставіць на адну дошку катаў і пакутнікаў.

Таму я прашу, ўмаляю некаторых, нешматлікіх сваіх калегаў па аналітычнаму цэху, якія дазволілі сабе ў гэтыя дні далучыцца да ахайваньня дзеяньняў сям’і Казуліных, толькі таму, што ёй, на іх думку, «маніпулявалі» палітычныя «прайдзісьветы» з БСДП (Г) — не рабіце так больш. Мы супольна нясём адказнасьць за палітычны дыскурс у нашай краіне. Менавіта мы, пішучая брація, можам зьнішчыць і апусьціць сапраўдных беларускіх герояў, пасьля чаго яшчэ менш людзей будуць здольнымі на гераічныя учынкі. Менавіта мы, калі сатрэм сваім цынізмам і інтэлектуальным выпяндрожам, лінію маральнага супрацьстаяньня, лінію паміж дабром і злом, будзем несьці адказнасьць за апраўданьне любога зла і любога гвалту ў нашай краіне. Знайдзіце сілы прызнаць, што Казуліны мелі рацыю і што перамаглі, і што акурат іх перамога значыць для Беларусі нашмат больш, чым вашая эквілібрыстыка.

Вядомы савецкі дысыдэнт Уладзімір Букоўскі неяк заўважыў, што ў карнікаў, стукачоў і сабак ёсьць адна агульная рыса — усе яны баяцца простага позірку ў вочы. Пазьбягаючы простага погляду на рэчы, мы далучаемся да іх шэрагаў.

Віталь Сіліцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0