У нацыянальным аэрапорце Мінск пачалася рэалізацыя пілотнага праекта па разгортванні сістэмы аўтаматычнага пагранічнага кантролю, якая выкарыстоўвае прынцып электроннай біяметрычнай ідэнтыфікацыі асобы (так званай электроннай брамы — e-gates). 

Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт, устаноўлены ў зоне адлёту кіёск дазваляе правесці ідэнтыфікацыю асобы на аснове параўнання фатаграфіі з пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з фатаграфіяй, атрыманай пры дапамозе фотакамеры кіёска. Пры гэтым ажыццяўляецца аўтаматычная праверка пададзенага дакумента на сапраўднасць. 

Паводле вынікаў першай стадыі пілотнага праекта будзе прынятае рашэнне аб магчымасці разгортвання ў нацыянальным аэрапорце Мінск на лініі пагранічнага кантролю поўнафункцыянальнага праграмна-апаратнага комплексу «электронных варот». 

У пагранведамстве адзначаюць, што выкарыстанне «электронных варот» у перспектыве дазволіць зменшыць час правядзення пагранічнага кантролю, прычым найперш у дачыненні да грамадзян Беларусі. 

Пілотны праект праводзіцца Дзяржаўным пагранічным камітэтам ва ўзаемадзеянні з шэрагам айчынных прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца ў гэтай галіне, і вядучым вытворцам сістэм «электронных варот» у свеце партугальскай кампаніяй Vision-Box.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?