З пачатку 2015 года мінская падатковая запатрабавала 337 дэкларацый у патэнцыйных дармаедаў — людзей, якія пры нязначных даходах робяць дарагія пакупкі. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА паведаміла першы намеснік начальніка ІМПЗ па Мінску Надзея Болдырава.

Адказваючы на пытанне, колькі патэнцыйных плацельшчыкаў збору на дармаедства падатковая інспекцыя ўжо налічыла ў Мінску, Надзея Болдырава адзначыла, што база плацельшчыкаў падатку яшчэ не створаная. Гэта значыць, называць дакладную колькасць дармаедаў пакуль рана.

«Неабходна ўлічваць і той факт, што год яшчэ не скончыўся, і хто-небудзь з непрацуючых грамадзян можа яшчэ працаўладкавацца, а хтосьці — наадварот», — дадала яна.

У той жа час з пачатку 2015 сталічная падатковая запатрабавала 337 дэкларацый аб даходах і маёмасці ў грамадзян, якія патэнцыйна могуць лічыцца дармаедамі. Яны маюць нязначныя афіцыйныя даходы, але пры гэтым здзяйсняюць буйныя пакупкі. Гэтыя людзі заплацілі падаходны падатак (13%) з сумы перавышэння даходаў над выдаткамі. У бюджэт ад іх паступіла ў агульнай колькасці 769,1 мільёна рублёў, паведамляе tut.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0