Невядомыя мужчыны ў чорных масках зладзілі флэш-моб у Бярозаўцы Лідскага раёна. Па словах відавочцаў, да транспартнай прахадной шклозавода «Нёман», дзе вырабляецца шкловата, былі складзеныя аўтамабільныя пакрышкі, раскіданыя ўлёткі.

Таксама невядомыя пакінулі побач бутэлькі з невядомай вадкасцю і запалілі дымавыя шашкі. Адбылося гэта ў суботу, 26 ліпеня.

«Тое, што побач са шкоднай вытворчасцю адбылася такая акцыя не выклікае здзіўлення», — адзначыў сябра Партыі БНФ Вітольд Ашурка. — Тое, што знайшліся людзі, якім лёс горада неабыякавы, то я здзіўляюся, што толькі цяпер а не раней. Вось гэты флэш-моб ён павінен быў адбыцца. Жыхары нашага горада проста зведзеныя да ўзроўню статыстаў. Ніхто не пытаецца, ніякай інфармацыі ніхто не дае, хіба што мы пачнем тут зараз паміраць і тады штосьці зменіцца.

Стала вядома, што па факце флэш-мобу каля шклозавода «Нёман» заведзеная крымінальная справа. А у кватэры актывіста Вітольда Ашурка прайшоў ператрус. Супрацоўнікі Следчага камітэта канфіскавалі камп’ютар, друкарку і флэшку актывіста. Па яго словах, падставай для ператрусу стаў флэш-моб, які зладзілі невядомыя.

Сёлета ў траўні на шклозаводзе «Нёман», які знаходзіцца ў самым цэнтры Бярозаўкі, была запушчана вытворчасць шкловаты, пры вырабе якой выкарыстоўваюцца такія шкодныя рэчывы як фенолы і фармальдэгіды.

У сувязі з гэтым большасць гараджан наракае на з’яўленне ў горадзе непрыемнага спецыфічнага паху. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?