Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўнай работы па разведцы карысных выкапняў і лічыць важным улічваць вопыт замежных партнёраў і наладжваць супрацоўніцтва з імі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 30 ліпеня, прымаючы з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуту.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на сур'ёзныя недапрацоўкі па разведцы нетраў.

«Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб'ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — На падобных тэрыторыях у Расіі і іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных металаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасці любой эканомікі любой дзяржавы».

Лукашэнка лічыць важным улічваць вопыт замежных партнёраў і наладжваць супрацоўніцтва з імі па разведцы карысных выкапняў.

«Ёсць шмат дзяржаў, што маюць вялікія багацці сваіх нетраў, кіраўнікі якіх прапануюць нам супрацоўнічаць — Венесуэла, Зімбабвэ і іншыя лацінаамерыканскія і афрыканскія краіны, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. —

Трэба сур'ёзна разам з зацікаўленымі прапрацаваць гэтыя пытанні, у тым ліку паглядзець, на якіх умовах супрацоўнічаць і што мы ад гэтага будзем мець».

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гэта сустрэча праходзіць напярэдадні нарады, якая будзе прысвечана тэме запасаў карысных выкапняў у Беларусі. «Далажыце аб тым, што мы маем і аб тым, што будзем мець заўтра і паслязаўтра. План дзеянняў па сур'ёзным вывучэнні нашых нетраў вы павінны пакласці мне на стол», — запатрабаваў ён. Ён сказаў, што гэтыя пытанні будуць знаходзіцца пад яго асаблівым кантролем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?