Напярэдадні дыялогу аб правах чалавека па лініі Беларусь — ЕС Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуліся да еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Ёханеса Хана, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы Федэрыкі Магерыні, а таксама да членаў рабочых груп Еўрасаюза па правах чалавека і па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі з сумеснай заявай.

Праваабаронцы заклікаюць Еўрасаюз «быць вельмі асцярожным у перамовах па правах чалавека з Беларуссю і акрэсліць канкрэтныя ўмовы ў адпаведнасці з кіруючымі прынцыпамі ЕС у галіне правоў чалавека і дэмакратыі», паведамляе сайт spring96.org

Улічваючы, што вырашэнне сітуацыі з правамі чалавека «з'яўляецца пытаннем палітычнай волі, а не тэхнічных акалічнасцяў», прадстаўнікі праваабарончых арганізацый лічаць: дыялог па тэматыцы правоў чалавека з Мінскам можа быць наладжаны толькі ў выпадку выканання трох умоў. 

Па-першае, «дыялог павінен грунтавацца на выразна акрэсленых палітычных абавязацельствах». «ЕС павінен імкнуцца атрымаць абавязацельствы па рэформах на самым высокім палітычным узроўні, перш чым дыялог па правах чалавека будзе створаны, каб абмеркаваць рэалізацыю гэтых рэформаў», — адзначаецца ў заяве. 

Яго аўтары лічаць, што ў дыялогу з Мінскам ЕС павінен падкрэсліваць неабходнасць вызвалення палітзняволеных як перадумову для любых захадаў па нармалізацыі двухбаковых адносін. Еўрасаюз таксама павінен настойваць на прыняцці беларускім бокам фармальнай палітычнай дэкларацыі з гэтай нагоды. 

Па-другое, адзначаецца ў заяве, дыялог павінен забяспечыць канструктыўны ўдзел у ім членаў грамадзянскай супольнасці. «ЕС павінен імкнуцца атрымаць афіцыйныя гарантыі таго, што рэпрэсіі ў дачыненні да мірнай дзейнасці грамадзянскай супольнасці будуць спыненыя і што беларускія ўлады прызнаюць легітымнасць незалежнай грамадзянскай супольнасці», — падкрэсліваюць праваабаронцы. 

Па-трэцяе, паводле іх меркавання, дыялог павінен рэалізаваць «дарожную карту» па правах чалавека. Яна павінна набыць форму падрабязнага плана дзеянняў, які б выразна акрэсліў арыенціры, абавязкі і часавыя межы для правядзення рэформаў. «Дарожная карта па правах чалавека павінна быць максімальна поўна прапанаваная як частка шырэйшай праграмы, скіраванай на выкарыстанне эфектыўнага ўзаемадзеяння палітыкі і інструментаў, даступных для дасягнення пастаўленых мэт», — сказана ў заяве. 

Нагадаем, першы раўнд дыялогу аб правах чалавека па лініі Беларусь — ЕС адбыўся 28 ліпеня ў Бруселі. Беларускую дэлегацыю на перамовах узначальваў начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Юрый Амбразевіч, дэлегацыю Еўрасаюза — начальнік упраўлення правоў чалавека і дэмакратыі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Сільвіа Ганзата. 

Міністэрства замежных спраў Беларусі ахарактарызавала перамовы як «шчыры і паважлівы абмен меркаваннямі па сутнасці пытанняў». «Абмеркаваныя розныя пытанні, уключаючы стварэнне нацыянальнага інстытута па правах чалавека, тэматыку свабоды слова, выказвання і сходаў, прымянення смяротнай кары, барацьбы з відамі абыходжання, якія зневажаюць чалавечую годнасць, а таксама выканання правоў дзіцяці. У межах шматбаковага супрацоўніцтва Беларусь і ЕС таксама абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння ў ААН», — гаварылася ў прэс-рэлізе МЗС. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?