Тысяча музыкаў у Чэзене (Італія) выканала песню «Learn to Fly» гурту Foo Fighters, каб запрасіць гурт і асабіста яго лідара Дэйва Грола да сябе на канцэрт. Як бачна на відэа, музыкам дапамагалі спевамі шматлікія гледачы.

«Мы жывем на зямлі, дзе мары нялёгка становяцца рэальнасцю, але гэта зямля крэатыўнасці і палкасці», — кажа аўтар праекту. Паводле яго слоў, выкананне адной песні рыхтавалася цягам года, музыкі з’ехаліся з усёй краіны.

На момант публікацыі Foo Fighters даюць «Broken leg tour» па ЗША і Канадзе. Бліжэй за ўсё да Беларусі яны падбяруцца 9 лістапада падчас канцэрта ў Кракаве (Польшча), а ў Італіі выступяць 13 і 14 лістапада ў Казалек’ё-ды-Рэна і Турыне. Чэзены ў планах няма.

Тур атрымаў назву «Broken leg» праз зламаную нагу вакаліста. Дэйв Грол няўдала ўпаў на сцэне падчас канцэрта ў Швецыі, але ў хуткім часе пасля першаснай медыцынскай дапамогі працягнуў канцэрт. На сцэну спевака з загіпсаванай нагой выносілі на насілках, першай «песняй у гіпсе» стала якраз «Learn to Fly». Пасля таго канцэрту Foo Fighters распачалі тур, на якім Грол выступае ў гіпсе на «жалезна-гітарным» троне. На адным з канцэртаў заспяваў і доктар Грола.

***

Дэйв Грол далучыўся да Nirvana ў якасці бубнача ў 1990 годзе. Пасля смерці лідара Nirvana Курта Кабэйна заснаваў свой гурт Foo Fighters, на першым безназоўным альбоме выканаў усе партыі сам. На сёння гурт выдаў восем студыйных альбомаў, што разышліся сумарным накладам у 12 млн копій, мае 11 «Грэмі» у розных намінацыях.

Адну «Грэмі» гурт мае за кліп на песню «Learn to Fly». Гэтая песня ўвайшла ў альбом 1999 года «There Is Nothing Left to Lose», была выдадзеная на самотніку, што стаў залатым у ЗША і Канадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?