Скончыліся здымкі ды мантаж беларускага сіткому «Гараш». Першы паказ для сяброў адбыўся дома ў рэжысёра Андрэя Курэйчыка.

Маладога беларуса дэпартуюць з Амерыкі, ён вяртаецца ў Менск ды ідзе працаваць у гаражную аўтамайстэрню ў Шабанах — гэтак пачынаецца чорная камедыя з тыпова беларускімі персанажамі паводле сцэнару Андрэя Курэйчыка.

Фільм пра сутыкненне «саўковага» і заходняга, пра беларускі характар і стаўленне да месца, дзе жывеш.

Сваім прыкладам Курэйчык спрабуе паказаць, што кіно можна здымаць без грошай і за кароткі час — здымкі 45-хвіліннага фільму доўжыліся ўсяго пяць дзён.

«Для мяне гэта новы шлях беларускага нацыянальнага кіно, — кажа Курэйчык. — Усе гэтыя мегапраекты кшталту «Авеля» і ўсякай усячыны — гэта поўны і абсалютны тупік. А мы мусім шукаць таленты, якія могуць аб’яднаць невялікую каманду, але зрабіць сапраўдны мастацкі выбух».

Сярод талентаў карціны — саліст гурту Neuro Dubel Аляксандр Кулінковіч, ён сыграў галоўнага персанажа, кіраўніка гаража, які праводзіць у ім увесь свой час.

«Такі самаўпэўнены савецкі дзядзька, у якім ёсць чалавечае, ёсць нешта добрае, але ён баіцца гэта паказаць, — апісвае Кулінковіч свайго персанажа. — Такіх дзядзькоў у прынцыпе даволі шмат на кожным заводзе, на кожнай будоўлі».

Падчас хатняга прагляду ішло бурнае абмеркаванне: стужка цяпер у стадыі постпрадакшну, яе чакае яшчэ шмат дапрацоўкі. Прэм’еры ў беларускіх кінатэатрах плануюцца напрыканцы верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?