Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў распараджэнне аб стварэнні самага хуткага ў свеце суперкамп'ютара да 2025 года, паведамляе BBC.

Камп’ютар будзе ў 20 разоў хутчэй цяперашняга лідара, пабудаванага ў Кітаі (Tianhe-2). Ён зможа выконваць квінтыльён (мільярд мільярдаў) аперацый у секунду, што адпавядае прадукцыйнасці ў адзін экзафлопс. У канчатковым выніку суперкамп’ютар павінен імітаваць разумовыя працэсы чалавечага мозгу, што немагчыма на сённяшні дзень.

Суперкамп’ютар стане сумесным праектам Міністэрства энергетыкі, Мінабароны і Нацыянальнага навуковага фонду. Таксама ў праекце прымуць удзел НАСА, ФБР, Нацыянальны інстытут аховы здароўя, Міністэрства дзяржбяспекі і Нацыянальнае кіраванне акіянічных і атмасферных даследаванняў.

Сферамі прымянення новага суперкамп’ютара стануць нацыянальная бяспека, навуковыя даследаванні і разлікі, у тым ліку ў медыцыне, у доўгатэрміновым прагназаванні надвор'я, у самалётабудаванні для мадэлявання турбулентнасці пры стварэнні больш абцякальнай мадэлі самалёта.

Пакуль самым магутным суперкамп’ютарам ЗША з'яўляецца Titan, размешчаны ў Нацыянальнай лабараторыі Оўк-Рыдж. Ён мае прадукцыйнасць 20 петафлопс і займае другі радок пасля Tianhe-2.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?