Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька прысвяціў большую частку праграмы «Клуб рэдактараў» разнастайным міжнародным рэйтынгам, у якіх Беларусь займае нізкія пазіцыі.
Напрыклад, у рэйтынгу мірнага і спакойнага жыцця краіна стала 110-е са 162.
Давыдзька ўбачыў гэтую навіну на партале Tut.by і ўпэўнены, што публікацыя такіх рэйтынгаў — спланаваная акцыя.
«Чым больш негатыўных рэйтынгаў, тым больш людзі пачынаюць сумнявацца ў сваіх сілах. Гэта і ёсць мэтанакіраваная праца па выбіванні асноў дзяржаўнасці і сацыяльных асноў. Вы паглядзіце, як масіравана гэта адбываецца. Гэта ж не проста так. Не трэба быць наіўным чалавекам, калі перад выбарамі робяцца такія ўкіды», — заявіў і дырэктар Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання.
На заўвагу рэдактара «Эканамічнай газеты» Леаніда Фрыдкіна, што гэтыя рэйтынгі штогадовыя і не маюць ніякай сувязі з выбарамі, нервова адрэагаваў Генадзь Давыдзька.
«Гаспадары партала Tut.by выдатна разумелі, навошта яны размяшчалі такое: глядзіце, якія мы дрэнненькія, якія мы слабенькія. Магчыма, нешта тут па прыколе. Але ў цэлым гэта спланаваная акцыя», — перакананы старшыня Белтэлерадыёкампаніі.