Ёсць што казаць, няма каму слухаць.

Прыслоўе вельмі да месца, калі паспрабаваць падвесці вынікі сустрэчы лідараў грамадскіх жаночых арганізацый, актыўных у соцыуме і палітыцы жанчын з верагоднымі кандадатамі на прэзідэнцкіх выбарах і беларускімі палітыкамі.

На запрашэнне араганізатараў сустрэчы ніхто з палітычных зорак не адмовіўся.

У Віцебск, дзе ладзілася мерапрыемства, меліся прыехаць старшыня АГП Анатоль Лябедзька, прадстаўнікі каманды Сяргея Калякіна, лідара Беларуская партыі левых «Справядлівы свет».

Асаблівы быў у арганізатараў разлік на прыезд і шчырую размову з першай жанчынай, якая змагаецца за права стаць кандыдатам, Таццянай Караткевіч.

Пра яе бачанне праўды пра «жаночае шчасце» беларусак хацелі пачуць удзельніцы сустрэчы, якія прыехалі з розных гарадоў краіны.

На жаль, змагарка за крэсла прэзідэнта не прыехала. Аналітыкі падказалі, што праграма патэнцыйнай кандыдаткі гендарна нейтральная, таму, магчыма, сустрэча не адбылася.

Шкада, у праграме сустрэчы асобным пунктам была пазначана тэма: «Жанчына — жанчынам!» і мелася адбыцца размова пра законы і механізмы ўмацавання роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі ў нашай краіне. На каго ж, як не на жанчыну, у гэтай справе спадзявацца.

Сваё абяцанне выканаў толькі спадар Лябедзька. Дасведчаны палітык выклікаў шчырыя сімпатыі аўдыторыі.

Спадабаўся старшыня АГП і тым жанчынам, хто бачыў яго ўпершыню. Сярод мільёна працоўных месцаў знойдецца годная праца і для жанчын, пераканаў прысутных палітык. Стрыманая ветлівая манера вядзення дыскусіі на роўных з жанчынамі, шчырае абмеркаванне праблем адукацыі і аховы здароўя, няма сумневу, папоўнілі спіс яго прыхільнікаў.

Зварот да кандыдатаў на высокую пасаду — гэта ўжо традыцыя, спроба нагадаць аб балючых праблемах, якія адчуваюць штодзень нашы жанчыны.

Ад выбараў да выбараў грамадскія актывісткі нагадваюць у сваім пасланні палітыкам, што мы, жанчыны, важная і значная, найбольш адукаваная і высокапрафесійная частка грамадства. Мы, жанчыны, складаем 53% насельніцтва краіны і амаль 60% ад колькасці выбаршчыкаў.

Аднак уплыў жанчын на прыняцце жыццёва важных рашэнняў абмежаваны на ўсіх узроўнях дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Вельмі далёка знаходзяцца жанчыны ад тых месцаў, дзе ёсць грошы і дзеліцца бюджэт. Ва ўмовах крызісу, адзначылі выступоўцы, на жаночыя плечы ў першую чаргу кладзецца цяжар праблем, звязаных з адсутнасцю сродкаў на пабудову жылля, паўнавартаснае харчаванне, жыццёва важныя лекі і медычнае абслугованне, адукацыю дзяцей.

Жанчыны не мірацца з гендарнай асіметрыяй рэчаіснасці. Сведчанне таму — выкарыстанне ўмоў выбарчай кампаніі і зварот да палітыкаў. Прысутным палітыкам – Алене Яськовай, Антаніне Кавалёвай, Уладзіміру Некляеву — задаваліся пытанні, якія стымулы прадугледжваюць партыі для залучэння жанчын у палітычную дзейнасць. Ці можна разглядаць сучасныя дэмакратычныя партыі як інструмент пазітыўных змен і гендарнага партнёрства?

Гучалі і іншыя вострыя пытанні. Як доўга можна не заўважаць дысбаланс у размеркаванні пасадаў і аплаце працы.

І традыцыйная тэма пра хатнюю працу. Гэта што – важны ўклад у эканоміку краіны, ці праца бясплатная і толькі жаночая?

Апошні закон «аб дармаедах» засведчыў, што накірунак думак улады якраз у бок павелічэння дыскрымінацыі сям’і і жанчыны.

Дзве апошнія тэмы кранаюць, што называецца, «за жывое». Кожны з нас — пацыент і ведае, што бясплатная даступная медыцына — адзін вялікі міф.

Жабрацтва і непрафесіяналізм сістэмы аховы здароўя, нізкі ўзровень і абмежаванасць доступу да якасных медыцынскіх паслуг вымушаюць галосна казаць пра праблему аховы здароўя як праблему нацыянальнай бяспекі,

таму што яна тычыцца кожнай сям'і і кожнага чалавека персанальна. Людзі не без падстаў лічаць, што медыцына ў сучасным стане ўяўляе небяспеку для жыцця. Недасканалая дыягностыка, пагадзіўся з прысутнымі сп. Лябедзька, сапраўды пагражае жыццю чалавека. Быццам бясплатная медыцына – шырокае поле для карупцыі.

Шмат нараканняў прагучала ў адрас сістэмы адукацыі. Жыццё даўно змянілася, адукацыя ж у асноўным захавала савецкі выгляд, але стала платнай і дарагой.

Праграмы навучання не адпавядаюць сучасным патрабаванням, дэзарыентуюць маладое пакаленне.

Змест падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах мае прарасійскі прыніжальны для нацыянальнай годнасці беларусаў характар.

У святле новых геапалітычных пагроз падручнікі патрабуюць перагляду. Гаротнае становішча гэтых важных для сацыяльнага самаадчування сфер выклікаюць ільвіную долю негатыўных настрояў у грамадстве.

Узнікла пытанне аб пенсійным узросце. 55 год сыходу на пенсію – гэта добра ці кепска?

Здавалася б, адказ адназначны. Гэта добра. З аднаго боку, жанчыны Беларусі падыходзяць да гэтага ўзросту з падарваным здароўем. Праца напоўніцу на рабочым месцы і хатняя вахта, няякасная, апошнім часам абыякавая да жанчын сталага ўзросту медыцына, праблемы старых бацькоў і дарослых, але яшчэ неўладкаваных у жыцці дзяцей. А калі апошнія пастараліся, то і ўнукаў. І гэта далёка не поўны букет праблем, якія абляпляюць жанчыну да 55. З другога — жыць на пенсію немагчыма, а пуга для працоўных – кантракт — у 55 можа засвістаць зусім блізка. Такі ранні пенсійны ўзрост — падстава для звальнення. Як тут быць? Праблема патрабуе ўважлівага шырокага абмеркавання.

Сход жанчын быў скіраваны на абмеркаванне не толькі «сацыялкі».

Пра клопат захавання нацыянальнага дома ў сучасных умовах палымяна выступіў перад жаночай аўдыторыяй Уладзімір Някляеў.

Сапраўды, пераконваў палітык прысутных, усе астатнія праблемы значныя, але толькі частка гэтай глабальнай небяспекі. Калі ёсць свой дом, свая краіна, агульнымі намаганнямі можна дасягнуць дабрабыту.

У выніку гарачых эмацыйных размоў прыйшлі да высновы: жаночая сацыяльная група мае каласальную колькасць праблем, якія патрабуюць адэкватнага рэагавання і рашэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?