Бітва на Ворскле. Мініятура XVI ст.

Бітва на Ворскле. Мініятура XVI ст.

Пры канцы XIV стагоддзя вялікі князь Літоўскі Вітаўт умацоўвае палітычныя пазіцыі, заключыўшы ў 1398 г. дамову з Тэўтонскім ордэнам (Салінскае пагадненне). Гэтае пагадненне дазваляла Вітаўту праводзіць актыўную знешнюю палітыку на ўсходнім (паўночна-ўсходняя Русь) і паўднёвым (Арда) кірунках. Князь збірае войска, у якім, апроч літоўскіх князёў, былі татарскія, польскія, валашскія і нямецкія рыцары, і здзяйсняе паход у стэп. На рацэ Ворскла летам 1399 года адбываецца бітва з войскам татарскіх даводцаў Цімур-Кутлука і Едзігея, падчас якой Вітаўт атрымаў страшную паразу. Бітва была шырока асветленая ў беларуска-літоўскім і рускім летапісанні, а таксама мела міжнародны рэзананс. Пра гэта засведчылі шматлікія згадкі ў нямецкіх хроніках, а таксама 26 параграф Канстанцкага сабора 1415 г., дзе выказваецца жаль Госпаду аб князі і ягоных сынах, якія быццам бы загінулі падчас бітвы. У гістарычнай свядомасці народаў Усходняй Еўропы бітва на Ворскле засталася як няўдалая спроба князя Вітаўта «сесці на Маскве і на ўсёй Рускай зямлі» (Ноўгарадскі летапіс), а таксама зрабіць саюзнага Вітаўту Тахтамыша ханам Залатой Арды.

Заваяваць паўсвету адной бітвай?

Амаль ва ўсіх беларуска-літоўскіх летапісах сярэдзіны XV стагоддзя (Нікіфараўскі, Увараўскі, Супрасльскі, Яўрэінаўскі, Альшэўскі спісы) прысутнічае «геапалітычная» версія. Згодна з ёй, Вітаўт сабраў міжнароднае воінства, каб умяшацца ў дынастычныя спрэчкі Чынгізідаў і дзякуючы адной стэпавай бітве карэнным чынам змяніць палітычную структуру Усходняй Еўропы. «Літоўская версія» амаль поўнасцю супадае з найбольш раннімі звесткамі ноўгарадскіх летапісаў. Тлумачыцца гэта тым, што складальнікі беларуска-літоўскага летапісання запазычылі расповед пра бітву сярод іншых агульнарускіх сюжэтаў з маскоўскага летапіснага звода 1418 г. мітрапаліта Фоція. Ёсць толькі адно выключэнне: у тэкстах беларуска-літоўскага звода няма згадак пра намер Вітаўта сесці на маскоўскім вялікім княжанні.

Каротка пра «рускую версію». Згодна з ёй, летам 1399 да Вітаўта прыбягае татарскі хан Тахтамыш, якога прагнаў з Арды іншы хан, Цемір-Кутлуй. Тахтамыш абяцае Вітаўту «ўсю зямлю Рускую» — з Ноўгарадам, Псковам і Масквой, — калі Вітаўт зробіць яго вялікім ханам Залатой Арды. Тым часам у Літву прыязджаюць паслы ад Цемір-Кутлуя з просьбай выдаць Тахтамыша. Вітаўт адказвае, што беглага хана не аддасць і хацеў бы сам асабіста пабачыцца з Цемір-Кутлуем.

Сустрэча каля ракі Ворсклы (прыток Дняпра ва Украіне) сканчаецца тым, што «паганыя татары пабілі многа князёў літоўскіх, і ваяводаў, і баяраў вялікіх, і хрысціянаў многа і Літвы, і немцаў, і ляхаў» (Сафійскі летапіс). Паразу Вітаўта наўгародскі летапісец тлумачыў тым, што князь, раней праваслаўны, «прыняў ляшскую веру» ды «задумаў… паланіць Рускую зямлю». Калі ў самых ранніх ноўгарадскіх летапісах у спісе магчымых валоданняў Вітаўта, якія б ён займеў, падтрымаўшы Тахтамыша, згадваюцца Ноўгарад, Пскоў і Масква, дык у Ніканаўскім летапісе XVI ст. арэал шырэйшы: апроч Літвы і Польшчы, гэта «Север, Немцы, усе вялікія княжэнні Рускія». Гэта выклікае сумневы.

Незразумела, як Вітаўт збіраўся вырашаць лёс Усходняй Еўропы адной стэпавай бітвай. Нават перамога над татарамі наўрад ці прымусіла б іншых татарскіх даводцаў, а таксама магутных васалаў ардынскіх ханаў — рускіх князёў — «паддацца» літоўскаму князю. Па-другое, наўрад ці польскае, нямецкае і валашскае рыцарства збіралася ваяваць за палітычныя амбіцыі нядаўняга язычніка, а тым больш было гатовае да працяглай кампаніі ў невядомых стэпах. Відавочна, што паход меў лакальнае значэнне. Па-трэцяе, паведамленні ноўгарадскіх летапісаў не грунтуюцца на інфармацыі сведак, бо ноўгарадцаў на Ворскле не было. Наколькі дакладныя ў такім выпадку сведчанні рускіх летапісаў?

Параза хрысціянскага воінства

 Дзеля поўнага ўражання аб тым, што насамрэч адбывалася ў жніўні 1399 ля ракі Ворсклы неабходна вывучаць крыніцы нямецка- і лацінамоўнага паходжання. Найбольш падрабязным з’яўляецца сведчанне прускага храніста Іаана фон Позільге:

(12 жніўня 1399) «У гэты час імператар татар рушыў з вялікай сілай на Вітаўта і ўмацаваўся ля Кіева. Таму Вітаўт сабраў вялікае войска, і яму на дапамогу было даслана з Прусіі сотня коп’яў. Вітаўт рушыў да цара прыкладна на 32 мілі за Кіеў, там размясціўся ён на рацэ і чакаў бітвы каля 5 дзён. Татары не хацелі пераправы… Вітаўт рушыў ад пераправы на 3 мілі. Тады паўсталі татары і пайшлі за ім… акружылі і знішчылі іх, адбыўся прарыў, але (татары) білі адступаючых, і была забіта большая частка прусаў, палякаў і найлепшых з тых, хто быў пасланы на бітву, так што мала хто з іх вярнуўся. Так казалі баяры літоўскія, што вялі яны Вітаўта і брата яго Жыгімонта ноччу; інакш былі б яны таксама забітыя. Таксама прыйшоў пан Марквард фон Зальцбах, комтур Рагніта і двое іншых самастойна. Таксама былі забітыя двое набожных рыцараў — паны Ханус і Томас Зурвіле, дастойныя. Дай, Госпадзе, ім вечны спакой, у якім бы яны вечна знаходзіліся!».

Ёсць сведчанні пра бітву ў яшчэ дзвюх хроніках. Яны падобныя да інфармацыі фон Позільге, але не ідэнтычныя — што кажа пра самастойнасць кожнай з іх. У хроніцы прадаўжальніка Дэтмара Вітаўт вяртаецца дадому з сямю рыцарамі, у «Торуньскіх аналах» акцэнтуецца параза менавіта «хрысціянскага» воінства. Усе тры хронікі актыўна вяліся падчас бітвы (канец XIV ст.). Фон Позільге карыстаўся інфармацыяй непасрэдных удзельнікаў бітвы, імя аднаго з іх ён падае (комтур Рагніта Марквард фон Зальцбах). Супольным для хронікі фон Позільге і для рускіх летапісаў з’яўляецца дакладная дата бітвы — 12 жніўня 1399. І ў нямецкіх, і ў рускіх тэкстах падкрэсліваецца міжнародны характар войска Вітаўта — складваецца ўражанне, што палякаў і немцаў у ім было больш, чым літоўцаў і русінаў. Менавіта інтэрнацыянальны характар паходу прыцягвае ўвагу да крыніц іншага паходжання — дакументаў папскай курыі.

Була Баніфацыя ІХ

У дзясяты год свайго пантыфікату, у маі 1399, папа Баніфацый IX даслаў булу біскупу Кракава. У буле апісваюцца бедствы хрысціян ад паганцаў-варвараў, прысутнічае заклік да біскупа «перадаць ладан» (місію) каралю Уладзіславу (Ягайла) абараніць «вінаграднік Божы» ад няверных. У буле яскрава адлюстраваная рыторыка крыжовых паходаў у дачыненні да татар: слова аб Крыжы, ажыццяўленне Крыжа, барацьба супраць ворагаў Хрыстовых і інш. Гаворыцца пра неабходнасць абароны веры Хрыстовай, якая адбудзецца ў выніку крыжовага паходу супраць татараў.

За ўдзел у паходзе папа абяцаў дараванне грахоў. Рыцараў для паходу збіралі з Польскага каралеўства, «княстваў і герцагстваў Літвы, Русі, Падоліі і Валахіі», якія пакутавалі ад «уціску язычнікаў». Адпаведную булу на крыжовы паход папа выдае вясной 1399. Застаецца меркаваць, што паход князя Вітаўта, які быў пажыццёвым васалам караля польскага Уладзіслава Ягайлы, быў нечым іншым, як крыжовым паходам супраць няверных. Наколькі гэта стасуецца з дадзенымі нямецкіх і рускіх пісьмовых крыніц?

Чатыры аргументы на карысць крыжовага паходу

Па-першае, була на крыжовы паход добра «ўвязваецца» з агульнай храналогіяй выправы, бо паход Вітаўта павінен быў пачацца вясной-летам 1399. Перад бітвай была паўза, адлюстраваная ў рускіх летапісах і нямецкіх хроніках (перамовы князя з ханам, манеўры). Цяжка ўзнавіць сапраўдную паслядоўнасць паходу, але з вялікай доляй імавернасці можна сцвярджаць, што Вітаўт чакаў рыцараў з Літвы, Польшчы, Валахіі і Тэўтонскага ордэна (у Сярэднявеччы гэтае чаканне магло цягнуцца па некалькі месяцаў). Цалкам магчыма, што канчатковым пунктам збору быў Кіеў.

Па-другое, землі, адзначаныя ў буле (Польшча, Мазовія, Літва, Валахія), за выключэннем Прусіі, суадносныя тым землям, адкуль да Вітаўта ішлі рыцары, згодна з нямецкімі і рускімі паведамленнямі. Браты Ордэна маглі не адзначацца, таму што пасля булы 1394 г., у якой былі забароненыя крыжовыя паходы на хрысціянскую (з 1387) Літву, браты ўжо не лічыліся крыжакамі апрыёры і былі такімі ж добраахвотнікамі, як і польскія ці літоўскія рыцары. У буле не згадваецца імя Вітаўта, заклік ідзе да рыцарства ягоных земляў — для рэалій прапаганды крыжовых паходаў у Еўропе было характэрна звяртацца не да свецкіх каралёў, а непасрэдна да будучых удзельнікаў (рыцараў, сялян, мяшчан). З іншага боку, Вітаўт быў васалам Ягайлы, і таму ў буле фігуруе імя караля Уладзіслава.

Па-трэцяе, хрысціянская рыторыка булы падобная да аналагічнай рыторыкі двух нямецкіх паведамленняў — «няверных» і «хрысціян» («Торунскія аналы») і «набожныя рыцары» і «цар татар» у Іаана фон Позільге. У рускіх летапісах князь Вітаўт — «паганы», той, хто мысліць ліха хрысціянам. Маўляў, з гэтай прычыны Госпад і пакараў яго рукой паганых. Такім чынам, ва ўсіх пісьмовых крыніцах бітвы на Ворскле адлюстроўваецца рэлігійнае супрацьстаянне.

Чацвёртае: версія аб крыжовым паходзе князя Вітаўта супярэчыць ягоным «задумам» аб захопе Рускай зямлі (такая інтэрпрэтацыя ў рускіх летапісах). План Вітаўта «пасадзіць» Тахтамыша ў Ардзе, а самому атрымаць ад яго Ноўгарад, Пскоў, Маскву і ўсю Русь быў фантастыкай нават для таго часу. Наўрад ці цяжкаўзброенае войска Вітаўта (магчыма, з артылерыяй) пусцілася б у дальні пераход ва ўмовах Дзікага поля, а потым пайшло б заваёўваць Русь, нават калі б каля Ворсклы літоўскаму князю пашчасціла.

У сувязі з гэтым легенду пра імперскія амбіцыі Вітаўта можна лічыць міфам ноўгарадскага летапісца, а сам паход — крыжовым, у які выпраўляліся дзеля прэстыжу і даравання грахоў. Як бачым, ён стаў першым і апошнім для вялікага князя Вітаўта.

***

Піліп Падбярозкін нар. у 1991 у Мінску. Выпускнік гістфака БДУ. Стажаваўся ў Лейпцыгскім універсітэце. Займаецца кантактамі германцаў і ўсходніх славянаў у познім сераднявеччы (XIV-XVI cт). 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?