Доктар-тэрапеўт гарадской паліклінікі № 6 Гродна на выкліку прасіла хворага падпісацца за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі ў якасці кандыдата на прэзідэнцкую пасаду. Выпадак адбыўся 27 ліпеня, сказала БелаПАН жыхарка Гродна, якая папрасіла не называць яе імя. 

Паводле яе слоў, раніцай у мінулы панядзелак яна выклікала на дом тэрапеўта для свайго хворага 27-гадовага сына. Доктарка, якая замяняла ўчастковага тэрапеўта, прыйшла прыкладна ў 20.30, яе сустрэў сам хворы, бо маці выйшла ў дзяжурную аптэку. 

«У сына была высокая тэмпература — амаль 40 градусаў, тым не менш яна [доктарка] палічыла магчымым папрасіць у яго подпіс за Лукашэнку, — сказала жыхарка Гродна. — Вы ўяўляеце чалавека, у якога амаль 40 градусаў тэмпература? Тым больш, магчыма, у яго зусім іншая пазіцыя ў жыцці. Ён наогул не памятае, падпісаў ён ці не, ён гэтым мучыцца». 

Пасля, паводле яе слоў, доктарка «на выклікі не з'яўлялася, мабыць, таму, што была занятая зборам подпісаў». 29 ліпеня пасля званка ў «хуткую дапамогу» маладога чалавека шпіталізавалі ў інфекцыйную бальніцу з дыягназам «гнойная ангіна». «Доктару, мабыць, не было часу ні ў аўторак, ні раніцай у сераду. Яна з'явілася толькі позна вечарам [у сераду], пакінула запіску ў дзвярах, але мы ў той час былі ў бальніцы», — адзначыла жыхарка Гродна. 

Жанчына лічыць гэта «абуральным выпадкам», кажучы, што медыцына павінна быць «па-за палітыкай». Гэта, паводле яе слоў, «неэтычна, няправільна і насуперак усім нормам чалавечай маралі». 

Пра здарэнне жыхарка Гродна 3 жніўня расказала галоўнаму доктару паліклінікі № 6 Наталлі Ягорчанка і папрасіла «прыбраць дактароў» з палітычнага працэсу.

У сваю чаргу галоўны доктар паліклінікі ў гутарцы з БелаПАН паведаміла, што ў жанчыны папрасілі прабачэння. Яна пацвердзіла, што таксама лічыць такую сітуацыю няправільнай. «Я папрасіла прабачэння і сказала, што надалей такога не паўторыцца», — сказала Ягорчанка. 

Паводле слоў кіраўніка паліклінікі, сярод дактароў і медсясцёр установы ёсць члены ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, аднак займацца зборам подпісаў яны могуць толькі ў непрацоўны час. 

З тэрапеўтам, якая папрасіла хворага маладога чалавека паўдзельнічаць у палітычным працэсе, як адзначыла Ягорчанка, «будзе праведзеная гутарка» ў тым ліку «наконт этыкі і дэанталогіі». Акрамя маральнага аспекту, паводле слоў галоўнага доктара паліклінікі, таксама ўзніклі пытанні «па тактыцы лячэння пацыента», які пасля апынуўся на бальнічным ложку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?